У рэзалюцыі Кабінэт спасылаецца на доказы камуністычных злачынстваў, якія паспрыялі прыняцьцю ва Ўкраіне закону «Аб Галадаморы 1932–1933 гадоў ва Ўкраіне», прынятага Вярхоўнай Радай у 2006 годзе. Таксама ў Кабінэце зьвярнулі ўвагу на рэзалюцыю Эўрапарлямэнту 2008 году аб ушанаваньні памяці Галадамору.
«Пастанаўляем прызнаць злачынную палітыку камуністычнай дзяржавы супраць народу Ўкраіны, якая прывяла да штучнага голаду ў 1932–1933 гг., актам генацыду супраць украінскага народу і злачынствам супраць чалавечнасьці. Мы выступаем таксама з асуджэньнем гэтага і іншых злачынстваў камуністычнай улады супраць нацыянальных рэспублік Савецкага Саюзу ў міжваенны пэрыяд».
Злачынствы камуністаў распаўсюдзіліся і на Беларусь, адзначылі аўтары дакумэнту.
«У Беларусі ахвярамі гэтай палітыкі ў 1920–1930-я гг. сталі больш за 250 тысяч сялян, рэпрэсаваных савецкай уладай: забітых, раскулачаных, дэпартаваных у Сібір ці на Крайнюю Поўнач Расеі».
У рэзалюцыі таксама падкрэсьліваецца, што факты масавага голаду адзначаліся і на тэрыторыі Беларусі. Мацней за ўсё пацярпелі Гомельская і Магілёўская вобласьці БССР.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія акупанты ў Марыюпалі дэмантавалі помнік ахвярам Галадамору ва Ўкраіне 1932–1933 гадоў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская пакуль не сустрэлася зь Зяленскім. А з кім з украінскіх палітыкаў яна мела сустрэчы і перамовы?Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі
На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:
- Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
- Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
- Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
- Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
- І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.
У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:
- Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
- Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
- Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
- Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
- Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
- Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.
Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».
Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.
Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.