Навіны палітвязьняў: Мікола Статкевіч захварэў на пнэўманію, да яго не пусьцілі адваката

Мікалай Статкевіч за два тыдні да арышту ў траўні 2020

На 24 лістапада ў Беларусі 1450 чалавек знаходзяцца за кратамі праз палітычныя абвінавачаньні, як паведамляе «Вясна». Іх колькасьць пастаянна расьце. Іншыя праваабарончыя ініцыятывы даюць большую лічбу палітзьняволеных.

Мікалай Статкевіч — у мэдсанчастцы калёніі

У палітвязьня дыягнаставалі пнэўманію. Пра гэта паведаміла жонка палітвязьня Марына Адамовіч, дадаўшы, што за кратамі муж ужо тройчы перанёс ковід.

«Пра тое, што „падчапіў нейкі вірус“, Мікалай пісаў мне ў апошнім атрыманым лісьце. Ліст быў напісаны 10 лістапада. Захварэў ён, адпаведна, раней. І яшчэ ў тым лісьце ён пісаў, што заўтра [11.11] ізноў „на камісію“, а значыць — ізноў ШЫЗА. У санчастцы Мікалай нядаўна, усяго пару дзён. Вось я і думаю, дзе ён правёў папярэднія, мінімум 10? Верагодна, у ШЫЗА. На жаль, я гэтага дакладна ня ведаю. Я вельмі хачу памыляцца. Але новых лістоў няма, затое інфармацыя пра „камісію“ — ёсьць».

Мікалая Статкевіча затрымалі 30 траўня 2020 году, калі ён разам з жонкай ехаў у цэнтар Менску, дзе адбываўся збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў на выбарах 9 жніўня 2020 году. 14 сьнежня 2021 году судзьдзя Мікалай Доля асудзіў Статкевіча на 14 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі асаблівага рэжыму.

Напісаць Статкевічу можна на адрас: ПК № 13, 211791, Глыбокае, вуліца Савецкая, 205, Статкевічу Мікалаю Віктаравічу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З камэры, дзе сядзеў Вітольд, былі чуваць крыкі». Былы палітвязень расказвае падрабязнасьці пра гібель Ашурка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: суд над Пачобутам адклалі на невядомы тэрмін