Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян на саміце Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) у Ерэване адмовіўся падпісваць праекты дэклярацыі Рады калектыўнай бясьпекі АДКБ і дакумэнту аб сумесных мерах па аказаньні дапамогі Армэніі. Пра гэта паведаміла прэсавая служба армянскага ўраду.
У АДКБ уваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.
Выступаючы на саміце, Пашыньян заклікаў арганізацыю даць палітычную ацэнку дзеяньняў Азэрбайджану супраць Армэніі, якія ён лічыць агрэсіяй. Паводле яго, саюзьнікі павінны дабівацца ад Азэрбайджану вываду войскаў з занятай імі часткі тэрыторыі Армэніі, іншае «можа азначаць адмову АДКБ ад саюзьніцкіх абавязаньняў». Пры гэтым Пашыньян падкрэсьліў, што ня просіць у АДКБ ваеннай дапамогі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крызіс АДКБ: адны прычыны рэальныя, другія — прыдуманыяУлады Армэніі сьцьвярджаюць, што ў выніку ўзброеных сутыкненьняў у верасьні на мяжы Армэніі і Азэрбайджану азэрбайджанскія вайскоўцы занялі частку армянскай сувэрэннай тэрыторыі. У Баку гэта адмаўляюць, указваючы на тое, што межы паміж краінамі не дэмаркаваныя.
Аляксандар Лукашэнка раней сказаў, што армянскі бок прапанаваў папраўкі да дакумэнту, які павінен быць падпісаны, але «мы вырашылі не прымаць гэтыя два пункты, не паглыбляцца ў іх». Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, які прысутнічаў на пасяджэньні, заявіў, што спадзяецца на заключэньне мірнай дамовы паміж Азэрбайджанам і Армэніяй.
Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў, камэнтуючы вынікі саміту, сказаў, што пра выхад Армэніі з АДКБ размова не ідзе. Паводле Пяскова, лідэрам «ня ўсё ўдалося ўзгадніць», а «складанасьць перамоваў» была «абумоўлена складанасьцю моманту, які мы ўсе перажываем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саміт АДКБ у Ерэване выклікаў пратэсты супраць Пуціна і ЛукашэнкіПрэс-сакратар Крамля адзначыў, што Пуцін праінфармаваў калег аб ходзе так званай спэцапэрацыі ва Ўкраіне, але не прывёў падрабязнасьцяў. Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў, выступаючы на пасяджэньні, заявіў, што «настаў час сумеснага калектыўнага пошуку формулы міру» ва Ўкраіне. Паводле яго, «трэба выкарыстоўваць любы шанец для дасягненьня хаця б перамірʼя».