Лукашэнка выказаўся супраць ядзернага шантажу, згадаў Эйнштэйна і забыўся пра Пуціна

Выпрабаваньне расейскай ракеты. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка заявіў у Ерэване на сэсіі Рады калектыўнай бясьпекі краінаў АДКБ у вузкім складзе, што ядзернаму шантажу не павінна быць месца ў міжнароднай палітыцы.

«Тое, чаго нельга было ўявіць яшчэ 2-3 гады таму. Ядзерная рыторыка асобных заходніх лідэраў зашкальвае. Польскае кіраўніцтва дэкляруе гатоўнасьць разьмясьціць у сябе ядзерную зброю. Добра, што ў амэрыканцаў, трэба аддаць належнае ім, яшчэ засталіся разважлівыя людзі, якія цудоўна разумеюць небясьпекі ядзерных гульняў, асабліва зь непрадказальнымі партнэрамі», — цытуе агенцтва БелТА Лукашэнку.

«Наша цьвёрдае перакананьне — ядзернаму шантажу не павінна быць месца ў міжнароднай палітыцы!— сказаў Аляксандар Лукашэнка і дадаў: Вялікі фізык Альбэрт Эйнштэйн калісьці сказаў: „Я ня ведаю, якой зброяй будзе весьціся трэцяя сусьветная вайна, але чацьвёртая — палкамі і камянямі“».

Пры гэтым Лукашэнка не ўзгадаў, што цяперашні кіраўнік Расеі Ўладзімер Пуцін неаднаразова пагражаў прымяненьнем ядзернай зброі ў выпадку, калі заходнія краіны непасрэдна ўмяшаюцца ў вайну ва Ўкраіне. Пагрозы, якія на Захадзе ацэньваюць не інакш як «ядзерны шантаж», рэгулярна выказвае і намесьнік старшыні Савету бясьпекі РФ Дзьмітрый Мядзьведзеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мядзьведзеў прыгразіў прымяніць супраць Украіны «увесь арсэнал сродкаў паражэньня»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці пачне Пуцін ядзерную вайну? Дыскусія экспэртаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ядзерны шантаж — галоўная выснова з сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі