Зась пакідае пасаду генэральнага сакратара АДКБ. Раней Лукашэнка цікавіўся, ці не заседзеўся той у Маскве

Станіслаў Зась

Станіслаў Зась ідзе ў адстаўку з пасады генэральнага сакратара Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Аб гэтым паведаміў 23 лістапада прэм'ер-міністар Армэніі Нікол Пашынʼян.

«Станіслаў Васільевіч Зась завяршае трохгадовую дзейнасьць на пасадзе генэральнага сакратара АДКБ», – сказаў Пашыньян, адкрываючы пасяджэньне Рады калектыўнай бясьпекі.

У пачатку лістападу Зась на сустрэчы з Лукашэнкам прапаноўваў павялічыць тэрмін дзеяньня паўнамоцтваў на гэтай пасадзе. Лукашэнка спытаўся, ці не заседзеўся Зась у Маскве.

«Не, — адказаў Зась і панаракаў, што тры гады для генэральнага сакратара — занадта малы тэрмін. — Таму што рэальна вельмі шмат дзейнасьці, і пакуль ты ўсё ахопіш і станеш адчуваць сябе ўпэўнена, патрэбен час. І час вельмі хутка пралятае».

У 2023 годзе месца Зася зойме прадстаўнік Казахстану Імангалі Тасмагамбетаў, а Беларусь пяройме старшынства ў АДКБ.

  • Станіслаў Зась — вайсковец, родам з Чарнігаўшчыны, вучыўся ў Вайсковай акадэміі РФ, да цяперашняй пасады быў дзяржсакратаром Савету бясьпекі Беларусі. Перакананы, што NATO нясе пагрозу краінам АДКБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АДКБ: няма кансалідаванай пазыцыі у стаўленьні да вайны ва Ўкраіне, удзел арганізацыі ў ёй не абмяркоўваўся