Ва Ўкраіне пасьля новай маштабнай ракетнай атакі Расеі на інфраструктурныя і энэргетычныя аб’екты спынілі рэактары трох АЭС — Паўднёваўкраінскай, Ровенскай і Хмяльніцкай.
«Гэта зьвязана з разбурэньнем сетак. Са станцыяй усё добра. Няма куды выдаваць электраэнэргію», — паведаміў сьпікер украінскай кампаніі «Енергоатом» Леанід Алейнік. Гэта кампанія ажыцьцяўляе кіраваньне ўсіх атамных станцый ва Ўкраіне.
Аляксандар Супрунюк, мэр горада Няцешына, дзе знаходзіцца Хмяльніцкая АЭС, паведаміў аб спыненьні блёкаў на станцыі.
«Спыненьне блёкаў. Адсутнічае электразабесьпячэньне, вада, магчыма цяпло. Рыхтуемся да горшага, спадзяёмся на лепшае», — напісаў ён на сваёй старонцы ў Facebook.
Ва Ўкраіне чатыры атамныя станцыі, адна зь іх і найбольшая ў Эўропе Запароская АЭС знаходзіцца пад кантролем войскаў Расеі. Станцыю захапілі на пачатку вайсковага ўварваньня.
Пакуль невядома, ці працуе Ровенская АЭС, што знаходзіцца за 100 кілямэтраў ад Беларусі. Але, улічваючы тое, што практычна ўся Ўкраіна пасьля атакі аказалася безь сьвятла, імаверна, што спынілі і яе — калі няма спажыўцоў і каму накіроўваць электраэнэргію, станцыя ня можа працаваць.
Кіраўнік Ровенскай абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Коваль паведаміў, што па ўсёй вобласьці адсутнічае электрычнасьць.
Пазьней кампанія «Енергоатом» паведаміла, што Ровенская АЭС спыніла працу. Такім чынам, ва Ўкраіне спынена ўся атамная энэргетыка. Запароская АЭС акупаваная Расеяй і даўно не працуе.
У сувязі з абстрламі энэргетыкі ва Ўкраіне без сьвятла засталася Малдова, якая атрымлівала электраэнэргію з Украіны
23 лістапада адбылася чарговая ракетная атака Расеі на Ўкраіну. Журналісты паведамлялі пра некалькі выбухаў у Кіеве, таксама ў сталіцы Ўкраіны чуваць гукі, падобныя на работу СПА. Пра выбухі паведамляюць і карыстальнікі сацыяльных сетак.
У выніку ракетнага ўдару пашкоджана двухпавярховы будынак у Кіеве, паведаміла Кіеўская гарадзкая вайсковая адміністрацыя:
«З прычыны трапляньня пашкоджаная двухпавярховая пабудова. Тры чалавекі загінула тая, шэсьць пацярпела».
Ёсьць інфармацыя, што на частцы тэрыторыі Кіева прапала сьвятло. Жыхароў заклікалі заставацца ў сховішчах і бясьпечных месцах.
Мэр Кіева Віталь Клічко не выключае эвакуацыі часткі гораду ў выпадку «паўсюднага адключэньня электраэнэргіі». Пра гэта ён напярэдадні заявіў у інтэрвію нямецкаму выданьню Bild.
Ва ўсім Кіеве спынена водазабесьпячэньне. Віталь Клічко распавёў, што аварыйныя службы працуюць над яго аднаўленьнем, але заклікаў жыхароў Кіева на ўсялякі выпадак назапасіць ваду.
У Вышгарадзе на Кіеўшчыне ракета трапіла ў шматпавярховы дом.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна змагаецца з наступствамі самых маштабных ракетных абстрэлаў: больш як 96 ракет на 15 рэгіёнаў. ФОТА
Ва Ўкраіне працягваецца маштабная паветраная трывога
Паведамляюць аб працы супрацьпаветранай абароны ў Днепрапятроўскай, Мікалаеўскай, Віньніцкай і Палтаўскай абласьцях.
Раней міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў паведамляў, што расейскія войскі падчас удараў па Ўкраіне з 23 лютага па 18 лістапада выкарысталі большую частку арсэналу некаторых відаў крылатых ракет.
А сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што ў Расеі ёсьць рэсурсы для 3-4 масавых удараў, падобных да 15 лістапада.
«Некаторых ракет засталося менш за 10%, ёсьць ракеты, якіх засталося 18%, ёсьць ракеты, якіх, на жаль, да халеры на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі — гэта ракеты С-300. Іх занадта шмат. Імі цяпер шпурляюць у Запарожжа, Херсон, Харкаўскую вобласьць. Іх яшчэ шмат», — сказаў Радыё Свабода сакратар РНБА.
- Папярэднюю канцэнтраваную атаку на ўкраінскую інфраструктуру Расея нанесла тыдзень таму, 15 лістапада. Пасьля гэтага ўкраінскія ўлады заявілі пра зьнішчэньне 40% энэргетычнай інфраструктуры.