Цяпер вядуцца пусканаладачныя работы на асноўным і дапаможным абсталяваньні другога энэргаблёку БелАЭС, паведаміў намесьнік прэмʼер-міністра Пётра Пархомчык на сумесным паседжаньні Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі, перадае БелТА.
Агульная гатоўнасьць другога энэргаблёку БелАЭС складае больш як 97 працэнтаў, заявіў у Нацыянальным сходзе Пётра Пархомчык. Паводле яго, цяпер вядуцца пусканаладачныя працы на асноўным і дапаможным абсталяваньні.
«Заплянаваны ўвод — першы квартал наступнага году», — адзначыў чыноўнік.
Ён таксама паведаміў, што ў энэргетычнай галіне працягваецца рэалізацыя праектаў, накіраваных на забесьпячэньне і павышэньне якасьці, надзейнасьці і бясьпекі энэрга- і газазабесьпячэньня.
«Ключавым праектам ёсьць будаўніцтва Беларускай АЭС. Першы энэргаблёк станцыі з моманту яго ўключэньня ў лістападзе 2020 году ў аб’яднаную энэргасыстэму выпрацаваў больш за 9,5 млрд кВт⋅г электраэнэргіі, што дазволіла замясьціць каля 2,5 млрд куб. м прыроднага газу», — сказаў ён.
Першы энэргаблёк БелАЭС далучылі да сеткі 9 лістапада ўпершыню з 25 красавіка, калі на ім пачаўся рамонт. Спачатку чыноўнікі заяўлялі, што рамонтныя работы працягнуцца каля 80 дзён. Аб іх завяршэньні міністэрства аб’явіла праз чатыры месяцы, але аб’ект так і не пачаў працу. 11 кастрычніка міністар энэргетыкі Віктар Каранкевіч заявіў аб неабходнасьці «дадатковых работ і дыягностыкі электрагенэрацыйнага абсталяваньня».
Такім чынам, блёк не даваў электрычнасьць у энэргасыстэму 198 дзён (6,5 месяца).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы энэргаблёк Беларускай АЭС уключылі ў сетку ўпершыню з 25 красавіка- Беларуская АЭС пабудаваная паблізу Астраўца пераважна за кошт крэдыту Расеі і паводле расейскага праекту ВВЭР-1200. Першы блёк БелАЭС пачаў выпрацоўваць электрычнасьць у рэжыме досьледна-прамысловай эксплюатацыі 3 лістапада 2020 году, у камэрцыйную эксплюатацыю яго ўвялі 10 чэрвеня 2021 году. У рэактар другога энэргаблёку 22 сьнежня 2021 году загрузілі ядзернае паліва, з чаго пачаўся этап яго фізычнага пуску.
- Тым часам вялікія праблемы ёсьць зь першым энэргаблёкам. Экспэрты маскоўскага цэнтру Сусьветнай асацыяцыі арганізацыяў — эксплюатантаў атамных электрастанцыяў (WANO), завяршылі місію тэхнічнай падтрымкі на Беларускай АЭС 29 жніўня, але дагэтуль энэргаблёк не аднавіў працу.
- Пасьля апошняга адключэньня ад энэргасеткі ў красавіку Беларуская АЭС прастойвае ўжо амаль паўгода, хоць пачаткова плянавалі завяршыць плянава-папераджальны рамонт у ліпені.
- Калі палічыць усе выпадкі адключэньня энэргаблёку ад энэргасеткі і дні, якія ён не выпрацоўваў электраэнэргію, то вынікае, што АЭС прастойвала больш за 49% часу.