Адклалі суд над журналістам Пачобутам
Суд над журналістам і сябрам Саюзу палякаў Беларусі Анджэем Пачобутам мусіў пачацца 28 лістапада. Аднак зь невядомых прычынаў працэс адклалі, піша БАЖ.
У Горадзенскім абласным судзе новую дату працэсу пакуль не назвалі. Судзіць журналіста мае Дзьмітры Бубенчык.
Пачобута абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 КК («зьдзяйсьненьне групай асобаў наўмысных дзеяньняў, накіраваных на распальваньне нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасьці і зьдзяйсьненьне наўмысных дзеяньняў для рэабілітацыі нацызму») і ч. 3 арт. 361 КК («заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы»).
У кастрычніку ўлады дадалі Пачобута ў «сьпіс тэрарыстаў». Ён за кратамі ўжо паўтара года. Зьняволены мае праблемы з страўнікам, у яго болі ад шмат якой ежы. Раней паведамлялі, што Пачобут моцна схуднеў, бо амаль нічога ня есьць, хіба што дыетычныя турэмныя кашы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура праз суд плянуе ліквідаваць юрыдычную асобу, зьвязаную з Саюзам палякаў БеларусіДвух палітзьняволеных «хімікаў» будуць судзіць па адміністрацыйных справах
У Горадзенскім абласным судзе 23 лістапада пройдзе разгляд адміністрацыйных справаў Ільлі Кадзетава і Дзьмітрыя Бабкова. Іх вінавацяць у распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Працэс будзе весьці судзьдзя Алена Тоўсцік-Самойла.
Раней Кадзетава асудзілі 2 гадоў «хіміі» за ўдзел у пасьлявыбарных акцыях пратэсту паводле арт. 342 КК. З 7 студзеня ён пачаў адбываць тэрмін у горадзенскай папраўчай установе № 24.
Бабкову прызначылі 1,5 года «хатняй хіміі» за абразьлівы камэнтар у тэлеграм-канале «Каратели Беларуси» ў сьнежні 2020 году. «Маральную шкоду» Дзьмітры кампэнсаваў супрацоўніку міліцыі добраахвотна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 18 лістапада: 3,5 года калёніі за «незаконнае перасячэньне мяжы», 2 гады «хіміі» — за ўдзел у пратэстах