Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі 22 лістапада зноў заявіў аб выяўленьні цела мігранта недалёка ад мяжы з Польшчай.
Цела мігранта з Паўночнай Афрыкі знайшлі беларускія памежнікі паблізу ад «польскіх інжынэрных загарод», заяўляе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэту.
21 лістапада памежным нарадам «выяўлены некалькі ўцекачоў», побач зь якімі «ляжаў труп мужчыны».
У ведамстве са спасылкай на «брата загінулага» сцвярджаюць, што група мігрантаў знаходзілася на тэрыторыі Польшчы, але іх затрымалі польскія сілавікі.
19 лістапада памежнікі знайшлі на беларуска-польскай мяжы цела «мужчыны неславянскай зьнешнасьці бязь цёплай вопраткі». На гэтым жа ўчастку, паводле зьвестак ведамства, 2 кастрычніка быў знойдзены «труп уцекача неславянскай зьнешнасьці».
Трое мігрантаў загразьлі ў балоце
У Пружанскім раёне непадалёк ад польскай мяжы трапілі ў балота трое грамадзян Емэна. Іх выратавалі пасьля 5 гадзін пошукаў.
Пра траіх грамадзян Емэна (1971, 1999 і 2002 г. н.), якія згубіліся ў лясных балотах у навакольлях вёскі Хвойнік Пружанскага раёну, ратавальнікі даведаліся ў 18:15 у панядзелак.
Аднак знайшлі мужчын толькі каля 23:30, паведамляецца ў зводцы МНС Беларусі. У выніку ратавальнікі даставілі мігрантаў у Пружанскую лякарню з агульным пераахаладжэньнем арганізма.
Польскі бок не згадаў здарэньня ў сваіх зводках. Паводле інфармацыі польскай Памежнай варты, 21 лістапада ў Польшчу хацелі трапіць 17 нерэгулярных мігрантаў з Эгіпта і 9 з Судана.
Яшчэ 8 іншаземцаў перабраліся ў Польшчу празь Сьвіслач.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі памежны камітэт заявіў пра знойдзены каля польскай агароджы труп уцекача ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія памежнікі пры дапамозе верталёта выцягнулі з балота 10 мігрантаў