Беларусы Латвіі пратэстуюць супраць IKEA: яны сумясьцілі малюнкі беларускіх палітвязьняў з інтэр’ернымі фота з каталёгаў мэблі

Адзін з прыкладаў зьмененага беларускімі актывістамі каталёгу IKEA

Такім чынам беларускія актывісты пратэстуюць супраць швэдзкай кампаніі, якая аказалася ў цэнтры скандалу з эксплюатацыяй працы палітычных зьняволеных.

Суполка беларусаў Латвіі пачалі акцыю ў сацыяльных сетках супраць IKEA. Актывісты сумясьцілі малюнкі беларускіх палітвязьняў з інтэр’ернымі фота з каталёгаў IKEA, каб «заклікаць кампанію да сацыяльнай адказнасьці ня толькі на словах» і разьмясьцілі іх у інстаграме.

Справа ў тым, што цяпер IKEA запусьціла ў Латвіі акцыю супраць хатняга гвалту. Беларусы абурыліся двайнымі стандартамі кампаніі.

Да лютага 2022 году мэбля і тэкстыль IKEA вырабляліся ў беларускіх калёніях, якія вядомыя жорсткім абыходжаньнем з палітвязьнямі. За працу вязьні атрымлівалі $2 у месяц, гавораць матэрыялы нядаўняга журналісцкага расьсьледаваньня.

Акцыя беларусаў Латвіі супраць IKEA, якая трапіла ў скандал з выкарыстаньнем працы палітычных зьняволеных у Беларусі

Раней у чэскай Празе беларускі грамадзкі актывіст Пятро Маркелаў правёў акцыю ў краме IKEA: ён абгарадзіў мэблю стужкай, якую выкарыстоўваюць для дарожных работаў, пасек дзьве тумбачкі сякерай, абліў іх фарбай і праз рупар па-ангельску абвясьціў, што робіць гэта, каб пратэставаць супраць супрацоўніцтва IKEA з уладамі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывіста Маркелава, які правёў акцыю ў IKEA ў Празе, вызвалілі. Ён распавёў Свабодзе пра затрыманьне

Нямецкая газэта Die Tageszeitung сумесна з францускім выданьнем Disclose падрыхтавалі расьсьледаваньне пра дзейнасьць IKEA ў Беларусі. У ім гаворыцца, што канцэрн актыўна супрацоўнічаў зь беларускімі пастаўнікамі, якія выкарыстоўвалі працу зьняволеных, у тым ліку палітвязьняў.

Паводле раскрытых матэрыялаў, каля паловы буйных беларускіх пастаўнікоў IKEA мелі сувязі з папраўчымі калёніямі на працягу апошніх 10 гадоў, а відавочныя доказы такога супрацоўніцтва маюцца ў дачыненьні да 10 кампаніяў. Гэта жорсткія папраўча-працоўныя лягеры, вядомыя жорсткім абыходжаньнем, катаваньнямі і зьнікненьнямі, і іх каштоўнасьці супярэчаць філязофіі, якая прапагандуецца швэдзкай кампаніяй.

За 20 гадоў пасьля 1999 году беларуская дзяржава, якой належыць амаль 100% лясоў краіны, стала другой па велічыні пасьля Польшчы пастаўніком драўніны для мэблевай транснацыянальнай карпарацыі. Рэпрэсіі супраць беларускага насельніцтва, якія пастаянна ўзмацняюцца, і жорсткасьць рэжыму, які карае сьмерцю сваіх асуджаных, не прывялі да якіх-небудзь зьменаў у кампаніі IKEA.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адпусьцілі, чакаю рашэньня пракурора». Як беларусы праводзілі «радыкальныя» акцыі за мяжой і што ім за гэта было
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкая і француская газэты апублікавалі расьсьледаваньне аб супрацоўніцтве IKEA зь беларускімі калёніямі