Паводле зьвестак Bloomberg, цана транспартаваньня нафты з Расеі ў Вугоршчыну і Славаччыну з 1 студзеня 2023 года павялічыцца з 11.5 да 13.6 эўра за тону сыравіны.
Улады Ўкраіны тлумачаць гэтае рашэньне масіраванымі ракетнымі абстрэламі сваёй тэрыторыі з боку Расеі, якія прывялі да недахопу паліва, значнага дэфіцыту электраэнэргіі і, у выніку, да павышэньня яе цаны. Акрамя таго, паводле генэральнага дырэктара «Укртранснафты» Уладзіміра Цапенды, рэзка ўзрасьлі выдаткі на арганізацыю абароны аб’ектаў кампаніі і гарантаваньне бясьпечных умоваў працы яе пэрсаналу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна спыніла пампаваць нафту ў Вугоршчыну праз трубаправод «Дружба»Афіцыйны прадстаўнік расейскай кампаніі «Транснефть» Ігар Дзёмін пацьвердзіў атрыманьне ліста ад «Укртранснафты». Паводле яго, расейская кампанія вывучае прапанову і «рыхтуе адпаведны зварот ва ўрадавыя структуры».
Нафтаправод «Дружба», пабудаваны ў 1960-х гадах, быў прызначаны для пастаўкі сырой нафты з Уралу ў краіны тагачаснай Рады эканамічнай узаемадапамогі: Вугоршчыну, Чэхаславаччыну, Польшчу і Ўсходнюю Нямеччыну. Цяпер ён праходзіць з Расеі праз тэрыторыю Ўкраіны і забясьпечвае нафтай Вугоршчыну, Чэхію, Славаччыну і Нямеччыну.
6 кастрычніка Эўразьвяз зацьвердзіў восьмы пакет эканамічных санкцый супраць Расеі. У яго, у прыватнасьці, уваходзіць забарона на транспартаваньне расейскай нафты, набытай вышэй за ўстаноўленую ЭЗ столь цэнаў. Аднак гэта тычыцца толькі нафты, якая перавозіцца танкерамі, а не праз трубаправоды.