Як паведамляе ініцыятыва, у Беларусі больш за 18 тысяч мясцовых дэпутатаў. Паводле зьвестак мінулых гадоў, 56% зь іх абраныя паўторна.
«Менавіта дэпутаты фінальна вырашаюць, як разьмеркаваць бюджэтныя грошы на мясцовым узроўні. Грошы, якія беларускі і беларусы праз падаткі і іншыя выплаты аддалі ў бюджэт. Школа атрымлівае недастаткова фінансаваньня і ўвесь час зьбірае грошы на рамонт? Пасьля звароту ў лякарню вас просяць купіць лекі самастойна? У вашым раёне мала аўтамабіляў хуткай дапамогі? Гэта ўсё праблемы мясцовых бюджэтаў, на якія могуць паўплываць вашыя мясцовыя дэпутаты», — гаворыцца ў паведамленьні «Сумленных людзей».
Каб больш даведацца пра мясцовы бюджэт і пра спосабы ўплыву на яго, «Сумленныя людзі» падрыхтавалі сайт, які дапаможа знайсьці свайго дэпутата і задаць яму пытаньні.
«Напішыце дэпутату сваю гісторыю і апішыце праблему, якую можна вырашыць з дапамогай грошай зь мясцовага бюджэту. Магчыма, ваш ліст прымусіць дэпутата выканаць свае абавязкі і паўплываць на разьмеркаваньне грошай гораду ці раёну», — заклікаюць прадстаўнікі ініцыятывы.
«Сумленныя людзі» просяць слаць ім адказы чыноўнікаў на электронную пошту prodeputatow@gmail.com ці ў акаўнт у тэлеграме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каманда Ціханоўскай накіравала ў ЭЗ для ўключэньня ў санкцыйныя сьпісы пералік дэпутатаў, якія галасавалі за «расстрэльныя» папраўкі