На штогадовым кінафэстывалі «Паўночнае зьзяньне» беларусы могуць убачыць найноўшыя мастацкія і дакумэнтальныя фільмы з Паўночнай Эўропы і краін Балтыі. Упершыню яго арганізавалі ў 2015 годзе, а сёлета ён праходзіць ужо восьмы раз.
Заснавальнік і дырэктар фэстывалю — Вольга Чайкоўская, сёлетні слоган — «Як дома».
Для прагляду онлайн на сайце фэстывалю дастаткова толькі зарэгістравацца, там будзе большасьць стужак, а іх прагляд бясплатны.
Выключэньні — дакумэнтальныя карціны «Край сьвету» аб беларуска-літоўскай мяжы і «Калі кветкі не маўчаць» аб пратэстах 2020 году: дзелля бясьпекі іх пакажуць толькі ў кінатэатрах Таліну і Вільні ў рамках офлайн-праграмы з 22 па 25 лістапада.
У міжнародную праграму ўвайшлі 15 мастацкіх і дакумэнтальных фільмаў з Швэцыі, Даніі, Нарвэгіі, Фінляндыі, Ісьляндыі, Эстоніі, Літвы і Латвіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве пачынаецца Фэстываль беларускага кіно «Bulbamovie». Што можна паглядзецьФэстываль адкрыўся 20 лістапада дакумэнтальным фільмам «Уздымі планку» ісьляндзкага рэжысэра Гюд’ёўна Рагнарсана аб жаночай баскетбольнай камандзе, трэнэр якой — былы нападнік ісьляндзкай зборнай. А закрыецца 30 лістапада фінскай драмай «Дзяўчаты, дзяўчаты» аб сталеньні трох школьніц.
У праграме таксама палітычны трылер «Прэзыдэнт» аб барацьбе Зымбабвэ за дэмакратыю, «Уку» — гісторыя эстонскага андэрграўнднага музыкі Уку Куута і яго маці і творчага партнэра Марыі Куут, кінакомікс «Дзіця-ніндзя» пра непажаданую цяжарнасьць і вымушанае полавае сасьпяваньне.
У раскладзе фэстывалю сёлета — адмысловая праграма «Ukraine mon amour», прысьвечаная Ўкраіне і яе барацьбе за мір і свабоду. У яе ўвайшлі тры дакумэнтальныя ўкраінскія фільмы, зьнятыя ў супрацы з краінамі Паўночнай Эўропы і Балтыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Фэстываль мы пачалі ў бамбасховішчы». Як зараз ва Ўкраіне паказваюць беларускае аўтарскае кіно і навоштаБеларуская онлайн-праграма складаецца зь дзевяці стужак:
- 21 лістапада. Фільм «У адзіночку» — гісторыю саліста ўкраінскага гурта «Бумбокс» Андрэя Хлыўнюка, паказаную вачыма Беларускага Свабоднага тэатру.
- 22 лістапада. Анімацыйны фільм «Shirey Mara» пра тое, як зьмірыцца са стратай блізкага чалавека.
- 24 лістапада. «Дзіма» — дакумэнтальны фільм пра жыцьцё чалавека, які шмат часу правёў у турме за крадзеж і ня толькі. Ён жыве ў звычайнай беларускай вёсцы, ходзіць у госьці, ловіць рыбу, вэндзіць у печы, а паралельна разважае пра тое, як пражыў сваё жыцьцё.
- 24 лістапада. «Дапаможнік» — рэканструкцыя кароткага выкладу фільма, у якім расказваецца, як у Беларусі запалохваюць і катуюць пратэстоўцаў. Стужка Паўла Мажара перамагла ў катэгорыі кароткамэтражных фільмаў на Міжнародным фэстывалі дакумэнтальнага кіно IDFA.
- 25 лістапада. «Мара» — аб сьведцы выбараў і пратэстаў у Беларусі.
- 26 лістапада. «Domum» — пра некалькі дзён з жыцьця двух зусім розных людзей, якія нарадзіліся ў Беларусі: Міша — настаўнік гісторыі, краязнаўца, Эдзік — заснавальнік першай ЛГБТ-супольнасьці ў Беларусі.
- 27 лістапада. «Спатканьне ў Менску»: фільм Мікіты Лаўрэцкага аб тым, як пераадолець траўмы, якія прывялі да таксычнага рамантычнага партнэрства. Карціна атрымала Гран-пры Міжнароднага кінафэстывалю Doclisboa у Партугаліі.
- 28 лістапада. «Лета 1989» — пяцёра сямнаццацігадовых юнакоў і дзяўчат адпраўляюцца ў паход у апошняе лета перад пачаткам дарослага жыцьця.
- 30 лістапада. «Праз рэйкі» — пра шасьцёх маладых людзей, якія мусілі зьехаць зь Беларусі і апынуліся ў эміграцыі ў Польшчы.
У першы дзень праграмы госьцяй онлайн-гутаркі «Змагайся як дзяўчо» стала зорка беларускага баскетболу Кацярына Сныціна, а 21 лістапада ў трансьляцыі «Як здымаць кіно ў небясьпечных мовах» рэжысэр фільма «Прэзыдэнт» Каміла Нільсан раскажа, як была сьведкай драматычных падзеяў у Зымбабвэ, як здымаць фільм у краіне з дыктатурай, дзе кожны крок патрабуе дазволу, а на вуліцах пануе гвалт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Даносы былі і ёсьць, але цяпер гэта татальная зьява». Чаму на выставе ў Менску мастакам прапанавалі зьмяніць прозьвішчы