Стралялі па нагах, білі прыкладамі. Супрацоўнікі Запароскай АЭС расказалі аб катаваньнях і зьдзеках расейскіх акупантаў

Запароская АЭС, акупаваная Расеяй, жнівень 2022

З пачатку акупацыі Расеяй Запароскай АЭС расейскія вайскоўцы затрымалі звыш 200 супрацоўнікаў станцыі, дзясяткі зь іх дагэтуль лічацца зьніклымі бязь вестак.

Як паведаміла амэрыканскае выданьне The Wall Street Journal, непадалёк ад станцыі стварылі падземныя турмы, у якіх расейцы білі супрацоўнікаў АЭС прыкладамі і палкамі, стралялі ім у ногі і локці, не давалі ежы і прымацоўвалі электроды да вушэй і пальцаў.

Паводле выданьня, некаторых утрымлівалі ў падзямельлі, якое самі расейцы называлі «Яма». Адзін станцыйны аквалянгіст Андрэй Ганчарук пасьля пабіцьця атрымаў кому і памёр.

Падрадчык станцыі, 49-гадовы Ўладзімір Жайваранак расказаў, што яго афіцэры ФСБ неаднаразова білі прыкладам вінтовак цягам 53 дзён у палоне. У сваім інтэрвію журналістам ён паведаміў, што расейскія «сьледчыя» вырвалі яму пазногаць.

«Дух некаторых людзей зламалі, настолькі моцна іх білі», — сказаў супрацоўнік АЭС.

Выданьне WSJ паразмаўляла з топ-мэнэджарамі і супрацоўнікамі, якія ўсё яшчэ працуюць на станцыі, а таксама тымі, каму ўдалося вырвацца з акупаванай тэрыторыі празь дзясяткі расейскіх блёк-пастоў. Усе яны расказалі пра затрыманьні, катаваньні і пагрозы прымусіць працаваць на расейскую дзяржаўную атамную станцыю.

У некаторых з суразмоўцаў журналістаў на целе былі відаць сінякі і рваныя раны, якія ім нанесьлі ў імправізаваных турмах. Журналісты таксама паглядзелі фатаздымкі, якія супрацоўнікі станцыі змаглі зрабіць тайна.

Адзін з супрацоўнікаў станцыі, які знаходзіўся ў «Яме» больш як 70 дзён, апісаў гэтую турму як падземны пакой бяз вокнаў з адзіным уваходам, які ахоўваецца. У пакоі знаходзіліся драўляныя скрыні і дошкі, на якіх можна было спаць, але там быў «рэзкі смурод ад фэкалій і хлёрнага антысэптыку». Яго паранілі ў нагу, у рану трапіла інфэкцыя. Супрацоўнік сьцьвярджаў, што ахоўнікі пагражалі згвалціць ягоную жонку, а потым зьнялі зь яго адзеньне і пагражалі згвалціць яго самога. Ягоная ахова ўзяла хабар за вызваленьне. Але ён ня змог выехаць з Энэргадара.

«Цяпер супрацоўнікі станцыі практычна ня могуць выехаць. Мы ў ядзернай турме», — працытавала выданьне свайго суразмоўцу.

Запароская АЭС у пачатку сакавіка была захоплена расейскімі войскамі, але заставалася злучанай з украінскай сыстэмай энэргазабесьпячэньня.

Тэрыторыю станцыі неаднаразова абстрэльвалі, што прыводзіла да спыненьня яе працы. Расея і Ўкраіна абвінавачвалі ў абстрэлах адна адну. МАГАТЭ заклікала Маскву вызваліць тэрыторыю станцыі і вывесьці адтуль войска.

Гэтая станцыя — найбуйнейшая атамная электрастанцыя ў Эўропе. Расейскія войскі захапілі яе неўзабаве пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, у сакавіку 2022 году. У пачатку лістапада паведамлялася, што Запароская АЭС цалкам абясточаная пасьля расейскіх абстрэлаў.

Украіна і МАГАТЭ настойваюць, каб вакол станцыі была створаная дэмілітарызаваная зона, а Расея вывела войскі з тэрыторыі ЗАЭС.
Украінскі бок ацаніў вартасьць зруйнаванай і пашкоджанай маёмасьці і інфраструктуры Запароскай АЭС у 28 мільярдаў грыўняў (700 мільёнаў даляраў у эквіваленце).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАГАТЭ паведаміла аб выбухах у раёне Запароскай АЭС
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне пасьля расейскіх атак адключылі некалькі блёкаў на двух АЭС, у тым ліку недалёка ад Беларусі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.