The New York Times пацьвердзіла сапраўднасьць відэа меркаванага забойства расейскіх ваеннапалонных

Акцыя ў Запарожжы з патрабаваньнем абмену ваеннапалоннымі, 25 верасьня 2022

Газэта The New York Times пацьвердзіла сапраўднасьць відэа, на якім, як мяркуецца, украінскія вайскоўцы забіваюць палонных расейскіх салдатаў. Тым ня менш выданьне падкрэсьлівае, што па відэазапісах немагчыма вызначыць, пры якіх абставінах загінулі вайскоўцы з Расеі.

«Відэа, падрабязнае апісаньне якіх прыведзена ніжэй і сапраўднасьць якіх пацьверджана The New York Times, дэманструюць жахлівы момант вайны, але не паказваюць, як і чаму былі забітыя расейскія салдаты», —​ гаворыцца ў артыкуле.

Паводле дадзеных выданьня, усяго было апублікавана два такога кшталту відэа. На адным зь іх украінскі вайсковец здымаў на тэлефон баі за Макееўку. Іншае відэа было, хутчэй за ўсё, зьнятае з дрона, з дапамогай якога УСУ назіралі за наступам. На ім відаць целы 12 расейскіх салдатаў, побач зь якімі заўважныя сьляды крыві. Што адбылося ў прамежак часу паміж двума відэазапісамі, невядома. NYT піша, што апошні расейскі вайсковец, які выйшаў з дома, верагодна, паспрабаваў аказаць супраціў і пачаў страляць.

Масква і Кіеў у забойстве палонных абвінавачваюць адзін аднаго. Расейскі бок абвінавачвае ўкраінскія сілы ў «бязьлітасным расстрэле бяззбройных расейскіх ваеннапалонных», а Ўпаўнаважаны ў правах чалавека Ўкраіны Зьміцер Лубінец кажа, што расейскія салдаты адкрылі агонь падчас акту здачы ў палон.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН расказала пра катаваньні палонных у вайне Расеі з Украінай

Мэдычны дарадца арганізацыі «Лекары за правы чалавека» доктар Рагіні Гаар расказаў выданьню, што большасьць ваеннапалонных, мяркуючы па апублікаваных кадрах, былі забітыя стрэламі ў галаву.

«Ёсьць лужыны крыві. Гэта паказвае на тое, што іх проста пакінулі там мёртвымі. Здаецца, не было ніякіх намаганьняў, каб падабраць іх або дапамагчы ім», – сказаў ён.

Экспэрт таксама дадаў, што забойства або раненьне вайскоўца, які, «склаўшы зброю або больш ня маючы сродкаў абароны, здаўся па сваім жаданьні, заяўляецца парушэньнем законаў міжнароднага ўзброенага канфлікту».

Тым ня менш экспэрт у расьсьледаваньні ваенных злачынстваў ва Ўтрэхцкім унівэрсытэце Іва Вукусіч адзначыла, што цяжка вызначыць факт ваеннага злачынства, грунтуючыся толькі на відэадоказах. Яна падкрэсьліла, што вырашальны фактар у гэтым выпадку — час, калі былі расстраляныя расейскія салдаты. Акрамя таго, дзеяньні расейскіх вайскоўцаў маглі быць палічаныя сымуляцыяй капітуляцыі ў якасьці хітрыкаў супраць ВСУ. Гэта таксама лічыцца ваенным злачынствам у адпаведнасьці з Жэнэўскімі канвэнцыямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СБУ: тэракт у Аленаўцы ўчынілі расейцы з рэактыўных агнямётаў «Чмель», тады загінулі 50 украінскіх палонных

У ААН тое, што здарылася, таксама не пакінулі без увагі і пацьвердзілі, што неабходна правесьці расьсьледаваньне. «Нам вядома аб гэтых відэароліках, і мы іх вывучаем», — заявіла агенцтву Reuters прэс-сакратарка Офісу правоў чалавека ААН Марта Ўртада.

Пасьля распаўсюджваньня відэазапісаў у сацсетках улады Расеі запатрабавалі ад міжнародных арганізацый асудзіць «абуральнае злачынства» і правесьці яго дбайнае расьсьледаваньне. Кіраўнік СПЧ пры прэзыдэнце РФ Валерый Фадзееў перадаў запіс у Офіс Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, АБСЭ, Раду Эўропы і праваабарончыя арганізацыі.

Сьледчы камітэт РФ распачаў крымінальную справу паводле двух артыкулаў: «забойства дзьвюх і больш асоб, зьдзейсьненае групай асоб у сувязі з ажыцьцяўленьнем імі службовай дзейнасьці» (пункты «а», «б» і «ж» часткі 2 артыкула 105 КК РФ) і «орсткае абыходжаньне з ваеннапалоннымі, прымяненьне ва ўзброеным канфлікце забароненых сродкаў і мэтадаў» (частка 1 артыкулу 356 КК РФ).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Human Rights Watch: Катаваньні расейскімі вайскоўцамі людзей у Ізюме былі «часткай іх пляну»

Віцэ-прэм'ер у пытаньнях эўраінтэграцыі Ўкраіны Вольга Стэфанішына 20 лістапада паведаміла, што Ўкраіна будзе расьсьледаваць відэазапіс, на якім, як мяркуецца, паказаны расстрэл расейскіх вайскоўцаў. Яна дадала, што кароткія адрэдагаваныя відэафрагмэнты «вельмі малаімаверна» адлюстроўваюць сьцьвярджэньні Расеі аб ваенным злачынстве, бо УСУ «абсалютна не зацікаўленыя ў чыімсьці пакараньні сьмерцю» і атрымалі загад браць у палон як мага больш расейцаў для абмену.

Афіцыйны прадстаўнік Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Расея самастойна будзе шукаць тых, хто расстрэльваў расейскіх ваеннапалонных.

— Безумоўна, Расея будзе сама займацца пошукамі тых, хто зьдзейсьніў гэтае злачынства. Яны павінны быць знойдзеныя і пакараныя, — цытуе Пяскова ТАСС.