Ведамства апублікавала відэазапіс, зроблены, як сьцьвярджаецца, 19 лістапада каля 16:00 на чыгуначным пункце пропуску Славечна (з украінскага боку — Выступовічы), піша BPN.
«Відэакамэра зафіксавала рух на тэрыторыі Ўкраіны ўзброенага чалавека ў напрамку мяжы. Пасьля ён незаконна перасек мяжу, якая праходзіць па цэнтры чыгуначнага моста, і зайшоў на тэрыторыю Беларусі. Знаходзячыся на беларускай тэрыторыі, украінскі вайсковец ажыцьцяўляў фота- і відэаздымку мясцовасьці, а таксама шукаў ці ўсталёўваў нешта ў сьнезе».Адзначаецца, што «па гэтым факце праводзяцца праверачныя мерапрыемствы».
У Дзяржаўным памежным камітэце заявілі, што «нізкая дысцыпліна тэрытарыяльнай абароны ўкраінскіх сіл і іншых ваенізаваных фармаваньняў, што знаходзяцца паблізу мяжы» стварае «правакацыйныя сытуацыі на мяжы», якія могуць прывесьці да ўзброенага сутыкненьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памежнікі паказалі, як выглядае ўкраінская сьцяна на мяжы зь беларускага боку. ФОТА4 лістапада беларускае ведамства апублікавала відэазапіс з бронетранспартэрам і людзьмі ў вайсковай форме, зроблены, як сьцьвярджаецца, 29 кастрычніка ў пункце пропуску Глушкевічы (з украінскага боку — Майдан Капішчанскі). Баявая машына ўсутыч наблізілася да беларускай мяжы, а празь 10 хвілін разьвярнулася і зьехала «назад углыб украінскай тэрыторыі».
Для «рэагаваньня на гэтую правакацыю» беларускія памежнікі нібыта «занялі агнявыя пазыцыі для адбіцьця магчымай агрэсіі і зьнішчэньня баявой тэхнікі і жывой сілы ў выпадку парушэньня граніцы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацьтанкавыя равы, бэтонныя пліты і міны. Ва Ўкраіне паказалі, як умацавалі мяжу зь БеларусьсюРаней старшыня Дзяржпагранкамітэту Анатоль Лапо выказваў занепакоенасьць у сувязі з сытуацыяй на межах Беларусі з Польшчай і Ўкраінай. Украінскія ўлады ўвялі супраць Лапо пэрсанальныя санкцыі.
Ва Ўкраіне асьцерагаюцца новага наступу расейскіх войскаў праз тэрыторыю Беларусі, а таму ўмацоўваюць мяжу. Акрамя таго, штодня мігранты з азіяцкіх і афрыканскіх краін спрабуюць перасекчы беларускую мяжу з краінамі Эўразьвязу. У гэтым, як паведамляюць латыскія, польскія і літоўскія памежнікі, ім актыўна дапамагаюць беларускія вайскоўцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі памежны камітэт заявіў пра знойдзены каля польскай агароджы труп уцекача