16 і 18 лістапада 2022 году ў Маскоўскім судзе Берасьця разглядалі чарговую справу аб «публічнай абразе Лукашэнкі» (ч.1 арт.368 КК РБ), паведамляе «Берасьцейская Вясна».
Абвінавачаны — жыхар Берасьця Антон Якавук, затрыманы па гэтай справе 29 верасьня 2022 году. Да суда ён сядзеў у СІЗА. Судзьдзя Марына Скалковіч.
Паводле абвінавачаньня, мужчына выклаў у «сторыс» відэа з Аляксандрам Лукашэнкам, і суправадзіў яго абразьлівым надпісам з аднаго слова. За гэтае дзяржаўнае абвінавачаньне прасіла прызначыць палітвязьню 1 год пазбаўленьня волі. Судзьдзя Марына Скалковіч вынесла менавіта такі прысуд — 1 год калёніі агульнага рэжыму.
Пра Антона вядома, што яму 29 гадоў, захапляецца футболам і, мяркуючы па ягоных сацыяльных сетках, заўзее за ангельскі футбольны клюб «Лівэрпуль». Ён ня проста футбольны заўзятар — на ягонай старонцы ва «Ўкантакце» можна знайсьці фота, дзе Антон сам гуляе на полі. Паводле архіўных зьвестак пра матчы, як мінімум з 2015 па 2019 год ён гуляў за берасьцейскі аматарскі клюб «Зьмена».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 18 лістапада: 3,5 года калёніі за «незаконнае перасячэньне мяжы», 2 гады «хіміі» — за ўдзел у пратэстахУ Гомлі мужчыну асудзілі паведамленьне ў сацыяльнай сетцы «Ўкантакце»
У судзе Савецкага раёна Гомля разгледзелі справу Мікалая Кацуры. Судзьдзя Аляксандар Мохараў прызнаў яго вінаватым па арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь») і агучыў прысуд: паўтара гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».
Таксама ён мусіць выплаціць штраф у памеры 3200 рублёў. Мужчыну вызвалілі ў залі суда, бо ён цалкам адбыў прызначаны тэрмін.
Вядома, што ў Кацуры вышэйшая адукацыя. Да затрыманьня ён працаваў інжынэрам-хімікам. Мае дзіця.
Яго прызналі вінаватым у тым, што ён стварыў і зьмясьціў у суполцы «Моцныя навіны» ў сацсетцы «УКантакце» інфармацыю, якая «дыскрэдытуе» Беларусь. Вядома, што ў паведамленьні зьмяшчаліся словы «гапата» і «ломяцца».
«Нэгатыўная ацэнка дадзеных асобаў выказаная ў сэмантыцы рытарычнага пытаньня «гэта тых, якія ў кватэру ламіліся?». Нэгатыўнай ацэнкай дзеяньняў дадзеных асобаў — формай дзеяслова «ламацца», — прыйшлі да заключэньня «экспэрты».
Вядома, што камэнтар быў зьвязаны са «справай Зельцара», бо Кацура напісаў у суполцы пасьля прагляду паведамленьняў аб здарэньні.
Абвінавачаньне вырашыла, што сваім камэнтаром ён хацеў прадэманстраваць неабмежаванай колькасьці людзей загадзя ілжывыя сьведчаньні аб «ухвале і гераізацыі» грамадзянамі Беларусі ўчынку Зельцара і асуджэньне дзеяньняў супрацоўнікаў КДБ. У гэтым абвінавачаньне ўгледзела «падрыў аўтарытэту Рэспублікі Беларусь і дзяржаўных органаў, прычыненьне шкоды нацыянальным інтарэсам, дэстабілізацыю сацыяльнай абстаноўкі, фарміраваньне ілжывых уяўленьняў аб тым, што ў рэспубліцы не прытрымліваюцца правоў і свабодаў грамадзян».
Кацура не прызнаў сваю віну і заявіў, што «напісаў абразы з гарачкі і думаў, што на роліку акторы, а не супрацоўнікі КДБ». Ён не паверыў, што гэта супрацоўнікі праваахоўных органаў, пагарачыўся і пакінуў камэнтар, які адлюстроўваў ягонае падазрэньне наконт таго, што відэа было пастановачным. У верасьні 2022 году ён выдаліў старонку ВК, дзе пакідаў камэнтары, бо зразумеў, што іх могуць вытлумачыць нэгатыўна.
Сямейную пару асудзілі за жэст «V» і бел-чырвона-белыя стужкі на акцыі пратэсту ў Менску
Праваабаронцам стаў вядомы прысуд у дачыненьні да мужа і жонкі Віталя Мацюша і Натальлі Ганапольскай, абвінавачаных ва ўдзеле ў жнівеньскай акцыі пратэсту ў Менску ў 2020 годзе (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу). Судзьдзя Юлія Шчоткіна прызначыла кожнаму зь іх пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 3 гады.
Мацюша вызвалілі ў залі суда пад падпіску аб нявыезьдзе, паведамляе «Вясна». Да суда Віталь Мацюш быў у СІЗА № 1 Менску, Натальля Ганапольская знаходзілася на волі пад закладам.
Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, столяр Віталь Мацюш і лягіст Натальля Ганапольская, якія пражываюць у Менскім раёне, прыйшлі да менскай Стэлы, далучыліся да пратэстоўцаў і, «дэманструючы пратэставы знак у выглядзе жэсту „вікторыя“, а таксама стужкі белага і чырвонага колераў, рухаліся па тэрыторыі Менску ад Стэлы ў бок праспэкту Незалежнасьці, блякавалі і заступалі шлях транспартным сродкам, у выніку чаго іх дзеяньні пацягнулі парушэньне працы і спыненьне гарадзкога пасажырскага транспарту».
Віталь Мацюш у судовым пасяджэньні віну прызнаў цалкам. Мужчына расказаў, што яны з жонкай убачылі групу грамадзян з сымболікай і таксама вырашылі прайсьці з натоўпам. Дайшоўшы да праспэкту Незалежнасьці, убачылі, што праезная частка перакрытая міліцыяй. У нейкі момант выйшлі з жонкай на праезную частку, каб сфатаграфавацца, пры гэтым на запясьці ў іх былі бел-чырвона-белыя стужкі. Пасьля яны накіраваліся дадому. Паводле Віталя, лёзунгі ён не выкрыкваў, гучных воплескаў не рабіў.
Падобныя паказаньні суду дала і Натальля Ганапольская.
Разгляд справы завяршыўся ў судзе Ленінскага раёну Менску 27 кастрычніка, але пра вынікі суду праваабаронцы даведаліся толькі цяпер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 16 лістапада: Менчуку прысудзілі «хатнюю хімію» і 9500 рублёў кампэнсацыі сілавікам за камэнтары ў чатах ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 15 лістапада: жыхара Ліды затрымалі на мяжы і асудзілі за абразу Лукашэнкі; 4 гады мастаку за намер ваяваць за Ўкраіну ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 14 лістапада: 20-гадоваму горадзенцу прысудзілі 6 гадоў калёніі за абразу Лукашэнкі