Паводле Курцева, абʼект інфраструктуры атакавалі пяцьцю ракетамі, пасьля чаго на прадпрыемстве ўзьнік пажар. У той час там знаходзіліся работнікі — яны маглі апынуцца пад заваламі. З прычыны ракетных удараў палова аднаго гарадзкога раёна засталася безь цеплазабесьпячэньня. Уначы тэмпэратура ў Запарожжы апускаецца да 1°C.
Пазьней Курцеў дадаў, што ў выніку абстрэлаў пацярпелі і жылыя дамы. Маштаб разбурэньняў устанаўліваецца. Пасьля начных атак у Запарожжы раніцай зноў гучала паветраная трывога.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея зноў атакавала гарады Ўкраіны. У Кіеве заявілі пра 5 дронаў, якія вылецелі з тэрыторыі БеларусіКіраўнік Днепрапятроўскай абласной адміністрацыі Валянцін Разьнічэнка распавёў, што ўначы расейцы абстралялі з «Градаў» і цяжкай артылерыі Нікапальскую, Марганецкую і Кіраўскую абшчыны. Паводле яго, па гарадах і вёсках трапіла больш за 60 снарадаў. Ахвяраў сярод людзей няма; пашкоджана жыльлё, гаспадарчыя пабудовы і аўтамабілі.
Украінскі Генштаб: Узброеныя сілы Ўкраіны адбілі 6 атак расейскіх войскаў у Данецкай вобласьці
За 18 лістапада расейскія вайскоўцы нанесьлі 10 авіяцыйных і 10 ракетных удараў, зьдзейсьнілі 42 абстрэлы з рэактыўных сыстэм залпавага агню, гаворыцца ў паведамленьні Генштабу. Паводле ведамства, расейцы вядуць наступальныя дзеяньні на бахмуцкім, аўдзееўскім і навапаўлаўскім напрамках.
«Праціўнік працягвае наносіць удары па крытычнай інфраструктуры і дамах цывільных асобаў, парушаючы міжнароднае гуманітарнае права, законы і звычаі вайны», — гаворыцца ў ранішнім паведамленьні ведамства за 19 лістапада.
Паводле Генштабу, Узброеныя сілы Ўкраіны пасьпяхова адбілі 6 атак расейцаў на Данбасе, а ўкраінская авіяцыя нанесла 7 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабістага складу расейскага войска.
«У раёне канцэнтрацыі расейцаў у пасёлку Міхайлаўка Скадоўскага раёна пацьверджаныя страты ад пажару. Страты асабовага складу склалі 40 чалавек забітымі і 70 параненымі. Яны дастаўлены ў шпіталі часова акупаванай тэрыторыі Рэспублікі Крым», — паведамляе Генштаб.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея зноў абстраляла ракетамі ўкраінскія гарады і электрастанцыі. Многія людзі засталіся безь сьвятла, вады і сувязі- Расея ўварвалася ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году. Паводле пацьверджаных зьвестак ААН, да сярэдзіны лістапада ў выніку баявых дзеяньняў загінулі сама меней 6557 мірных жыхароў, у тым ліку 408 дзяцей. Гэтыя дадзеныя могуць быць няпоўнымі.
- Украінскія ўлады расьсьледуюць шматлікія крымінальныя справы ў дачыненьні да расейскіх вайскоўцаў, абвінавачваючы іх у злачынствах супраць цывільнага насельніцтва. Расея сваё дачыненьне да забойстваў мірных жыхароў адмаўляе.
- У верасьні Ўкраіна пачала контрнаступ. Пасьля гэтага ў Данецкай, Луганскай, Херсонскай, Запароскай і частцы Мікалаеўскай абласьцях у сьпешным парадку правялі так званыя «рэфэрэндумы» аб уваходжаньні гэтых украінскіх тэрыторый у склад Расеі. Па выніках галасаваньняў Расея анэксавала ўкраінскія тэрыторыі. Украіна і многія іншыя краіны лічаць галасаваньне фіктыўным і не прызнаюць ягоныя вынікі, паколькі яно прайшло ва ўмовах акупацыі і баявых дзеяньняў, што парушае міжнародныя нормы і ўкраінскае заканадаўства.
- У Крамлі працягваюць лічыць Херсонскую вобласьць без Херсона і Запароскую вобласьць без Запарожжа рэгіёнамі Расеі.