«Я заўсёды заклікаю вас: ежце, спажывайце сваё, ня кідайцеся на заморскае. Гэта сёньня актуальна гучыць у пляне таго, што некаторыя, асабліва сярод моладзі (дый, напэўна, сярэдняга ўзросту, а можа, і старэйшага), сталі ахаць і вохкаць: „Ах, McDonald’s сыходзіць“. Я думаю: „Дзякуй табе, божа, што хоць сыходзіць!“ Але толькі месца McDonald’s, дзе працуюць нашы людзі, нашы спэцыялісты, дзе спажываецца наш тавар, павінны заняць беларусы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка асобна зьвярнуў увагу прэмʼер-міністра Рамана Галоўчанкі на тое, што замест глябальнай карпарацыі фаст-фуду павінны працаваць менавіта беларусы.
«Раман Аляксандравіч, беларусы! Запомніце, ніхто іншы, — зьвярнуў Лукашэнка увагу прэмʼер-міністра. — Мы самі павінны рабіць тое, што калісьці рабіў гэты McDonald’s, калі камусьці гэта трэба, і нават лепш. У нас што, булачку напалову ня могуць разрэзаць і ўпіхнуць у гэтыя дзьве паловы кавалачак мяса, бульбы і салату? Госпадзе, хто гэта спажывае, ня ведаю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сыход зь Беларусі McDonald’s: нясмачна — і шматкропʼеНядаўна стала вядома, што сетка рэстаранаў хуткага абслугоўваньня McDonaldʼs пад кіраваньнем «КСБ Виктори Рестораны» з 22 лістапада працягне працу пад расейскім брэндам «Вкусно и точка» (гэтая сетка рэстаранаў хуткага харчаваньня замяніла McDonaldʼs пасьля яго закрыцьця ў Расеі).
«Мы захаваем усе працоўныя месцы, працягнем прапаноўваць гасьцінны сэрвіс, разнастайнае мэню, любімы смак страваў і высокую якасьць прадукцыі за даступныя цэны, да якіх прывыклі нашы госьці», — гаварылася ў заяве кампаніі.
Падпісаньне дамовы аб франчайзінгу ў расейскай кампаніі назвалі «вельмі важным крокам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як мы адбіліся ад McDonaldʼsа