Чалец пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў у адукацыі, культуры і навуцы сказаў пра гэта ў эфіры ютуб-каналу «СБ ТВ», камэнтуючы нараду ў Лукашэнкі, прысьвечаную працы Парку высокіх тэхналёгіяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая крыўда Лукашэнкі. За што дыктатар ня любіць айцішнікаўПаводле Клішэвіча, неабходна выпраўляць сытуацыю, калі айцішнік дзень і ноч сядзіць у кампутары, а дзяржава «не кіруе гэтымі кампутарамі, ягонымі мэсэнджарамі і інфармацыйнымі плынямі».
«Трэба падумаць, што мы закладаем, акрамя фінансаў, у ідэалёгію працы з IT-сэктарам. Ці ў курсе той айцішнік пра свайго прадзеда, прабабулю, які ваяваў, таксама вызваляў на фронце і даваў яму магчымасьць займацца гэтым IT-бізнэсам? Ці ў курсе ён пра Хатынь, якая будуецца? Магчыма, трэба было б іх, можа, не на пастаяннай аснове, але пэрыядычна адрываць ад кампутара і везьці ў Хатынь, каб яны там папрацавалі рыдлёўкай на гэтым аб’екце разам з нашымі камсамольцамі. Каб яны прасякнуліся яшчэ і духоўнымі пытаньнямі, ня толькі кампутарамі», — сказаў Клішэвіч.
На яго думку, калі дзяржава ня здолее «знайсьці балянс», то IT-спэцыялістамі будуць кіраваць так, як гэта трэба «іншым», за межамі Беларусі і не ў яе інтарэсах. Клішэвіч перакананы, што ў краіне сёньня створаныя ўсе ўмовы, каб «працаваць з айцішнікамі і паказваць там іншую карціну», акрамя манітора кампутара і інфармацыі, якую яны спажываюць.
Сяргей Клішэвіч — былы першы сакратар Менскага гаркаму БРСМ і былы ідэоляг Менгарвыканкаму. Акрамя дэпутацтва, узначальвае Лігу камуністычнай моладзі. Менавіта Клішэвіч у 2016 годзе на адкрыцьці помніка Леніну ў Менску біў і дапамагаў АМАПу затрымліваць Зьмітра Дашкевіча.
У 2018 годзе Клішэвіч атрымаў узнагароду ад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусі за «значны асабісты ўклад у моладзевую палітыку і ў сувязі з стагодзьдзем ВЛКСМ».