Экс-дацэнтка Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту Натальля Дуліна стала падазраванай па крымінальным артыкуле аб «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Пра гэта паведамляе партал «Зеркало» са спасылкай на адзін з праўладных тэлеграм-каналаў.
Як вынікае з паведамленьня, нагодай для крымінальнага перасьледу стала інтэрвію Дулінай рэсурсу, які беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Крымінальная справа распачатая паводле артыкула 361-4 Крымінальнага кодэксу (Спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці), які прадугледжвае да шасьці гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 16 лістапада: Менчуку прысудзілі «хатнюю хімію» і 9500 рублёў кампэнсацыі сілавікам за камэнтары ў чатахПаводле вэрсіі сілавікоў, Дуліна «выходзіла на „нядзельныя маршы“, разам зь іншымі грамадзянамі перакрывала праезную частку, перашкаджаючы нармальнай працы грамадзкага транспарту і іншай гарадзкой інфраструктуры».
Праваабаронцы прызналі Дуліну палітвязьнем.
Натальля Дуліна — былая дацэнтка катэдры італьянскай мовы МДЛУ, якая падтрымала страйк і студэнтаў-пратэстоўцаў. У 2020 годзе яна адседзела 14 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і была звольненая з унівэрсытэту. Агулам з 2020 году яе затрымлівалі шэсьць разоў.