16 лістапада старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава сказала, што цяпер пад абавязковае разьмеркаваньне на працу будуць падпадаць і студэнты-платнікі.
«Міністэрству адукацыі, ВНУ пастаўлена задача — разьмяркоўваць ня толькі тых, хто вучыўся на бюджэтнай аснове, а разьмяркоўваць усіх», — сказала Натальля Качанава.
Глядзім, што з вышэйшай адукацыяй у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Качанава заявіла, што «пастаўленая задача» разьмяркоўваць і выпускнікоў ВНУ, якія вучыліся на платнай асновеУ 2020/2021 гадах стыпэндыю ў ВНУ атрымлівалі 84,3 тысячы чалавек, то бок вучыліся на бюджэце. А агулам студэнтаў было 254,4 тысячы чалавек — значыць, платнікаў утрая болей, чым бюджэтнікаў, або 66,8%.
У 2020/2021 навучальным годзе ВНУ выпусьцілі 32,3 тысячы спэцыялістаў, зь іх падлягалі разьмеркаваньню 19,3 тысячы. Зь іх уладкаваліся на працу па разьмеркаваньні 18,1 тысяча выпускнікоў. То бок 1,2 тысячы бюджэтнікаў не паехалі адпрацоўваць разьмеркаваньне. Гэта можна зрабіць, напрыклад, калі выплаціць грошы за вучобу.
«Калі я сам плаціў за навучаньне, то нічога дзяржаве ня вінен»
Свабода распытала студэнтаў-платнікаў наконт магчымай пэрспэктывы разьмеркаваньня.
«Мне вельмі сумна, што такое можа здарыцца. Я нэгатыўна да гэтага стаўлюся і лічу, што выпускнік, які сам заплаціў за адукацыю, нічога дзяржаве ня вінен, і яго ніяк не павінна закрануць разьмеркаваньне», — расказаў адзін з студэнтаў БДУ.
Хлопец плянуе давучвацца не ў Беларусі, калі ўвядуць абавязковае разьмеркаваньне для платнікаў.
«Калі сапраўды такое здарыцца і нават платнікаў будуць разьмяркоўваць, нічога не застаецца, як проста не давучвацца. Вельмі хачу давучыцца за мяжой і, хутчэй за ўсё, так і зраблю, калі гэты закон прымуць і калі такая магчымасьць ня зьнікне ў будучыні», — кажа хлопец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эвалюцыя дыктатуры. Валер Карбалевіч пра тое, чаму ў Беларусі не спыняецца тэрорЯшчэ адзін студэнт БДУ мяркуе, што такім чынам улады хочуць закрыць дэфіцыт вакансій.
«Наконт прымусовага разьмеркаваньня я лічу, што гэтак улады спрабуюць прыбраць недахоп працаўнікоў на дзяржаўных прадпрыемствах. Я супраць гэтага. Я думаю, што ніхто, нават бюджэтнікі, ня хоча адпрацоўваць недзе ў калгасе за 300 рублёў», — кажа хлопец.
Студэнт з Горадні расказаў, што адмыслова ішоў на платнае, каб пасьля не адпрацоўваць разьмеркаваньне.
«Мая пазыцыя такая, што нельга дэкляраваць бясплатную адукацыю, а потым казаць што трэба адпрацоўваць. Вядома, стаўлюся дрэнна, бо я і як мінімум яшчэ 2 чалавекі з маёй групы ішлі на платнае, каб не адпрацоўваць. Абавязковая адпрацоўка для платнікаў — гэта проста яшчэ адзін доказ таго, што ў дзяржавы праблемы з кадрамі. Калі гэта ўвядуць? Проста зьеду», — кажа студэнт.
«У эканоміцы дэфіцыт кадраў»
Экспэрт у галіне адукацыі, навукі і інавацыяў Андрэй Лаўрухін лічыць, што рашэньне ўладаў наконт абавязковай адпрацоўкі па разьмеркаваньні для платнікаў зьвязанае з дэфіцытам кадраў.
«Дэфіцыт кадраў у эканоміцы аказаўся большы за гэтыя два гады. Зразумела, што ва ўмовах, калі няма даверу да Лукашэнкі, ён пачынае мілітарызацыю грамадзтва праз інстытуты адукацыі. Гэта запрыгоньваньне навучэнцаў, іх жыцьцямі і выбарам такім чынам можна маніпуляваць. У 2021 годзе зь Беларусі зьбегла шмат студэнтаў, гэта ж у меншай ступені паўтарылася ў 2022 годзе», — кажа Андрэй Лаўрухін.
Паводле экспэрта, такое рашэньне яшчэ больш адштурхне моладзь ад беларускіх ВНУ.
«Яшчэ больш моладзі будзе пакідаць Беларусь. Улады будуць глядзець, як адрэагуюць улетку студэнты, калі гэта ўвядуць. Гэта такая паншчына, моладзь аказваецца закладнікамі гэтага рэжыму. Пэрспэктыва адпрацоўваць такую паншчыну — кепская пэрспэктыва», — кажа Андрэй Лаўрухін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У школах усе дзеці і настаўнікі ходзяць басанож, а зімой у цёплых шкарпэтках». Як беларусы вучацца ў эўрапейскіх школахКаб прымусіць адпрацоўваць платнікаў, улады могуць хутка прыдумаць новы закон. А таксама моладзь могуць пужаць пакараньнем, лічыць Андрэй Лаўрухін.
«Могуць караць фінансава тых, хто адмаўляецца. Могуць пагражаць адміністратыўнымі ці крымінальнымі справамі. Беларусь рухаецца ў межах амаль што вайсковай дыктатуры. Ніякіх іншых інструмэнтаў узьдзеяньня ва ўладаў няма. Толькі пакараньне. Яны ня могуць прапанаваць ні добрых грошай, ні кар’ернага росту», — кажа Андрэй Лаўрухін.