16 лістапада Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла закон аб спыненьні дзейнасьці пагадненьня паміж урадамі Ўкраіны і Беларусі аб прадухіленьні падвойнага падаткаабкладаньня і ўхіленьня ад выплаты падаткаў на прыбытак і маёмасьць.
Як паведаміў намесьнік старшыні камітэту па падатках Вярхоўнай Рады Ўкраіны Яраслаў Жалязьняк, за пастанову прагаласавалі 304 дэпутаты. Агулам у Радзе 450 дэпутатаў.
У суправаджальнай нататцы да пастановы мэтазгоднасьць спыненьня дзеяньня пагадненьня абгрунтоўваецца неабходнасьцю абароны нацыянальнай бясьпекі «ў сувязі з падтрымкай Рэспублікай Беларусь беспрэцэдэнтнай, адкрытай, шырокамаштабнай узброенай вайны Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны».
Пасьля спыненьня дзеяньня пагадненьня, на тэрыторыі Ўкраіны да ўсіх рэзыдэнтаў Беларусі будзе прымяняцца не ільготная, а звычайная стаўка падаткаў. Таксама спыняецца абмен інфармацыяй у справе падаткаў.