«Пуцін яшчэ не адмовіўся ад акупацыі». Ваенны аналітык — пра кадыраўцаў, прыгожынцаў і тэндэнцыі ўварваньня ва Ўкраіну

Расейскі вайсковец перад адпраўкай ва Ўкраіну, Грозны. Ілюстрацыйнае фота

Амэрыканскі інстытут вывучэньня вайны (Institute for the Study of War, ISW) у штодзённым рэжыме вядзе інфармацыйны маніторынг расейскага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны.

Маючы досьвед падобнага дасьледаваньня баявых дзеяньняў у Аўганістане і на Блізкім Усходзе, ISW дае свае ацэнкі разьвіцьця сытуацыі на ўкраінскіх франтах, якія часьцяком спраўджваюцца.

Да прыкладу, 30 верасьня аналітыкі ISW спрагназавалі вызваленьне Лімана на працягу 72 гадзін, а 2 кастрычніка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што горад цалкам «зачышчаны». У сярэдзіне верасьня інстытут дапусьціў вяртаньне Херсону ў бліжэйшыя некалькі тыдняў. Тады расейскія прапагандысты высьмеялі гэтую заяву. 14 лістапада Зяленскі выступіў у Херсоне з прамовай перад украінскімі вайскоўцамі, якія вызвалялі горад.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Херсонскай вобласьці знайшлі тры катоўні і задакумэнтавалі больш як 400 злачынстваў расейскіх вайскоўцаў

Аналітык ISW Кацярына Сьцепаненка (нарадзілася ў Кіеве, жыве і працуе ў ЗША) у інтэрвію карэспандэнту Каўказ.Рэаліі Андрэю Красно адказала на пытаньні аб працягу вайны ва Ўкраіне і аб ролі ў ёй кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава, а таксама аб вялікіх стратах сярод байцоў з нацыянальных рэспублік Расейскай Фэдэрацыі.

— ISW дастаткова дакладна спрагназаваў магчымы пачатак гэтай вайны. Якія ацэнкі вы даяце сёньня?

— Паводле ацэнкі ISW, прэзыдэнт Пуцін яшчэ не адмовіўся ад максымалісцкіх мэтаў па акупацыі ўсёй Украіны і капітуляцыі ўраду ў Кіеве. Яго дзеяньні — абвяшчэньне частковай мабілізацыі і перастаноўкі ў найвышэйшым ваенным камандаваньні — паказваюць, што ён не плянуе адмаўляцца ад вайны.

Асабісты фактар Пуціна, яго бачаньне вайны і яе ідэалягічных мэтаў, безумоўна, граюць ролю ў выніку. Тым ня менш, расейскае войска працягне сутыкацца з сурʼёзнымі праблемамі пры вядзеньні вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: Украіна прадоўжыць контранаступальныя апэрацыі, нягледзячы на зіму

— Сярод прадстаўнікоў нацыянальных рухаў з субʼектаў РФ ёсьць меркаваньне, што вайна вядзецца выключна за кошт «нятытульных» народаў. У Элісьце праходзяць пікеты супраць мабілізацыі калмыкаў, грамадзкія дзеячы Кабардзіна-Балкарыі заявілі аб пагрозе генафонду, перад гэтым у Махачкале і Нальчыку прайшлі мітынгі з агульным пасылам — не чапайце нашых. З гэтага трэба рабіць высновы?

— Ёсьць некаторыя паведамленьні расейскіх апазыцыйных выданьняў і заходніх крыніцаў, у якіх падлічана: рэгіёны з этнічнымі меншасьцямі панесьлі найбольшую колькасьць стратаў [у працэнтных суадносінах да насельніцтва] падчас вайны. Неабвержна даказаць такую ацэнку складана, улічваючы, што ў нас няма дакладных зьвестак нават пра агульныя пацьверджаныя страты.

Улады таксама рэклямуюць добраахвотную службу ў гэтых [паўночнакаўкаскіх] рэгіёнах значна больш, чым у Маскве і Санкт-Пецярбургу. Можна меркаваць, што Крэмль выбудаваў герархію сацыяльнай важнасьці, зыходзячы зь якой з этнічнымі меншасьцямі і байцамі «ДНР/ЛНР» ён часьцей абыходзіцца як з гарматным мясам. Тут можа быць і іншы фактар: нацыянальныя рэспублікі — адны з самых бедных у краіне, і завэрбаваць тут кантрактнікаў лягчэй дзякуючы фінансаваму фактару.

Вэрбоўка мужчын з самых бедных рэгіёнаў дазволіла Крамлю пазьбегнуць выкліканых масавай гібельлю кантрактнікаў пратэстаў у Маскве і Санкт-Пецярбургу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны назваў расейскую агрэсію супраць Украіны генацыдам

— Чаму Рамзан Кадыраў стаў адным з галоўных ньюсмэйкераў гэтай вайны?

— Першапачаткова Мінабароны Расеі адлюстроўвала гэтую вайну свайго кшталту «лебядзіным возерам». Афіцыйнае асьвятленьне было засяроджана на абмежаваным кантэнце зь невялікай колькасьцю кадраў непасрэдна зь перадавой. У той час як чыноўнікі Мінабароны прытрымліваліся такога бачаньня інфармацыйнага суправаджэньня вайны, Кадыраў і блізкія да яго сілавікі, усьведамляючы значнасьць для спэцапэрацыі (гэтак улады Расеі афіцыйна называюць уварваньне на тэрыторыю Ўкраіны. — РС), пачалі рэклямаваць свае сілы. Менавіта гэты піяр пры абмежаваным асьвятленьні вайны Міністэрствам абароны дазволіў яму атрымаць папулярнасьць.

— Наконт ролі кадыраўцаў у гэтай вайне ёсьць супрацьлеглыя ацэнкі. Якой прытрымліваецеся вы?

— На пачатку вайны кадыраўцы ў асноўным вялі баі ў гарадах, але незразумела, удзельнічалі яны проста ў зачыстцы ці сапраўды ваявалі за іх. Цяпер, паводле слоў украінскіх асобаў, яны дзейнічаюць у тыле, каб ахоўваць расейскія сілы. Паўтаруся — незразумела, ці былі кадыраўцы той штурмавой сілай, як пра гэта заяўляе кіраўнік Чачні.

За мінулыя месяцы кадыраўскія падразьдзяленьні выконвалі «паліцэйскую» ролю і, як паведамляецца, зараз дзейнічаюць на поўнач ад Крамянной-Сватава і на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласьці, дзе займаюцца аховай дэзэртэраў. Кадыраўцы таксама адыгралі сваю ролю ў гарадзкіх баях, у такіх месцах як Севераданецк і Марыюпаль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кадыраў прызнаў гібель 23 чачэнскіх байцоў у выніку ўдару УСУ

— Прайшло амаль два месяцы з пачатку частковай мабілізацыі ў Расеі. Як яна паўплывала на сытуацыю на фронце?

— Цяпер расейскія сілы ўзмацняюць мабілізаванымі людзьмі некаторыя пазыцыі на ўсходзе і поўдні Ўкраіны. Расейскія тэлеграм-каналы часта публікуюць відэа дэмаралізаваных мужчын на лініі фронту Крамянная — Сватава, а некаторыя расейскія апазыцыйныя выданьні нават паведамлялі, што расейскія сілы адкрылі ў Перавальску сьледчы ізалятар для тых мабілізаваных, якія адмовіліся ехаць ваяваць.

Расейскія сілы таксама перакідаюць мабілізаваных у правабярэжную Херсонскую вобласьць і, як паведамляецца, перакінулі яшчэ нейкую колькасьць людзей для штурму пазыцый у раёне Бахмута і Паўлаўкі. Хоць гэтыя падмацаваньні дапамаглі ўмацаваць некаторыя межы, камандаваньне пасьпешліва кідае гэтых людзей на штурмавыя апэрацыі бяз значнай падрыхтоўкі ці рыштунку. Пры гэтым малаверагодна, што мабілізаваныя змогуць заняць значную тэрыторыю.

— Калі ўяўленьне пра расейскія войскі як пра «другое войска сьвету» было мітам, чаму Пуцін пачаў вайну?

— Лічу, што Пуцін быў перакананы ў моцы сваёй арміі. Цэтлік «другое войска ў сьвеце», хутчэй за ўсё, адносіцца да мільёнаў рэзэрвістаў, бо ў Расеі існуе прызыўная сыстэма. Але гэтыя рэзэрвісты, як паказала мабілізацыя, часьцяком небаяздольныя і не зацікаўленыя ў вайсковай службе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ПВК «Вагнэра» пакарала сьмерцю былога зьняволенага, які перайшоў на бок Украіны

— Як вы ацэньваеце ролю і юрыдычны статус так званай «ЧВК Вагнэра», якая ўдзельнічае ў гэтай вайне?

— Расейскія крыніцы называюць «ЧВК Вагнэра» ўдарнай сілай, якая дзейнічае на бахмуцкім кірунку. Гэтыя часткі крыху прасунуліся ў гэтым раёне, але нават [кіраўнік «ЧВК Вагнэра»] Прыгожын прызнаў, што іх прасоўваньне складае ад 100 да 200 мэтраў у дзень. Гэтыя часткі прасоўваюцца да Бахмута з чэрвеня, што толькі паказвае маштаб іх прасоўваньня за чатыры-пяць месяцаў.

Прыгожын, безумоўна, дамагаецца, каб «ЧВК Вагнэра» стала прыкметнай сілай у Расеі, — адкрыты Вагнэр-цэнтар у Санкт-Пецярбургу, пабудаваны фартыфікацыйны праект «лінія Вагнэра» ў Белгарадзкай вобласьці і сфармаваныя незалежныя ад узброеных сілаў «народныя апалчэньні» у Белгарадзкай і Курскай абласьцях. Крэмль на гэты момант ня ўмешваецца, таму незразумела, ці трэба яму будзе пазьней легалізаваць «ЧВК Вагнэра».

— Так званая партыя вайны канчаткова перамагла ў Расеі?

— Праваенная фракцыя мае тыя ж максымалісцкія мэты, што і Пуцін. Відаць, менавіта таму яна яму падышла. Некаторыя члены «партыі вайны» усё больш незадаволеныя афіцыйным Міністэрствам абароны і іншымі ваеннымі сіламі. Хоць яны яшчэ наўпрост не крытыкавалі Пуціна, але крытыкуюць узброеныя сілы і высокапастаўленых камандзіраў, такіх як генэрал Лапін (быў зьняты з пасады камандуючага групоўкай расейскіх войскаў «Цэнтар», перад гэтым зазнаў крытыку з боку Прыгожына і Кадырава. — РС).

— Якія сцэнары працягу вайны найбольш верагодныя?

— Я магу гаварыць толькі пра зафіксаваныя намі тэндэнцыі. Найбольш верагодным сцэнарам зьяўляецца тое, што расейскія сілы будуць працягваць сутыкацца з пастаяннымі праблемамі асабовага складу, лягістыкі і маральнага духу. Вайна, верагодна, працягнецца да 2023 году, а ўкраінскія сілы захаваюць ініцыятыву ў правядзеньні далейшых контранаступаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін зьмяніў парадак вайсковай службы ў Расеі, дазволіўшы іншаземцам служыць паводле кантракту
  • Інстытут вывучэньня вайны — няўрадавая арганізацыя, якая займаецца аналізам і дасьледаваньнямі ваенных канфліктаў, пытаньняў абароны і замежных спраў. ISW выпусьціў справаздачы пра войны ў Сырыі, Афганістане і Іраку. Заснаваны ў 2007 годзе доктарам Кімбэрлі Каган. Мапы ISW аб расейскім уварваньні ва Ўкраіну ў 2022 годзе былі перавыдадзеныя Reuters, Financial Times, BBC, The Guardian, The New York Times, The Washington Post, і The Independent і іншымі СМІ.
  • Кацярына Сьцепаненка — аналітык па Расеі і Ўкраіне ў Інстытуце вывучэньня вайны. Народжаная ў Кіеве, яна сканцэнтравала навуковыя інтарэсы на вывучэньні наступстваў расейскай гібрыднай і дэзынфармацыйнай вайны для Ўкраіны. Вывучала пытаньні Эўропы і Эўразіі ў Школе міжнародных адносін Унівэрсытэту Джорджа Вашынгтона (ЗША).
  • Раней Інстытут вывучэньня вайны заяўляў пра раскол расейскай інфармацыйнай прасторы на два лягеры, выкліканы публічнай крытыкай кіраўніком Чачні Рамзанам Кадыравым дзеяньняў расейскага Генштабу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка Вялікай Брытаніі: Расея ня можа аднавіць перавагі ў паветры на вайне з Украінай 

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.