«Чарговая ўкраінская правакацыя: яшчэ адзін бесьпілётнік зьбіты на мяжы з Украінай», — гаворыцца ў паведамленьні Памежнай службы Беларусі.
Паводле памежнага ведамства, бесьпілётнік, які накіроўваўся з украінскага боку на тэрыторыю Беларусі, зьбілі пінскія памежнікі за 100 мэтраў ад мяжы.
Свабода зьвярнулася ў Дзяржаўную памежную службу Ўкраіны з афіцыйным запытам аб камэнтары першага інцыдэнту, які, паводле беларускіх памежнікаў, адбыўся 2 лістапада ў Гомельскай вобласьці. Але ўкраінскія памежнікі пакуль не адказалі.
Дрон, фатаздымкі якога апублікаваў Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі, падобны да бесьпілётніка DJI Mavic кітайскай вытворчасьці.
У сьнежні 2021 году Дзяржаўная памежная служба паведамляла, што набыла 60 бесьпілётнікаў DJI Matrice 300. Вага такога бесьпілётніка складае 734–743 грамы.
Іх набывалі для таго, каб ажыцьцяўляць маніторынг мяжы для выяўленьня парушальнікаў на аддаленых і цяжкадаступных участках, а таксама для фота- і відэафіксацыі парушэньняў і апэратыўнага рэагаваньня на іх.
Гэтыя дроны могуць выкарыстоўвацца ў радыюсе да 15 кілямэтраў ад апэратара ўдзень і ўначы.
Згодна з характарыстыкамі, гэтыя бесьпілётнікі могуць працаваць пры тэмпэратуры ад 0 да 40 градусаў і на невялікіх адлегласьцях.
24 красавіка 2022 году кампанія-вытворца гэтых дронаў заявіла аб спыненьні продажаў у Расею і Ўкраіну ў сувязі з тым, што абедзьве краіны могуць іх выкарыстоўваць у вайне.
4 лістапада беларускія памежнікі таксама казалі, што перахапілі ўкраінскі дрон, які нібыта трэнаваўся скідаць выбухоўку. Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што 2 лістапада гомельскія памежнікі перахапілі ўкраінскі бесьпілётнік за адзін кілямэтар ад мяжы з Украінай. «Дрон удалося прымусова пасадзіць», — адзначалася ў паведамленьні.
Свабода зьвярнулася па камэнтар у Дзяржаўную памежную службу Ўкраіны, але там пакуль гэтага інцыдэнту не камэнтуюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі заявілі, што перахапілі ўкраінскі дрон, які нібыта трэнаваўся скідаць выбухоўкуЗ пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага беларускія ўлады падтрымалі Расею, дазволіўшы расейскім войскам скарыстаць тэрыторыю краіны і вайсковую інфраструктуру, у прыватнасьці для нанясеньня авіяцыйных і ракетных удараў па ўкраінскіх гарадах.
У Кіеве паведамлялі, што расейскія войскі неаднаразова запускалі з вайсковых аэрадромаў Беларусі ракеты і дроны іранскага паходжаньня.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.