У Менску 22-гадовы хлопец забіў 16 катоў «праз дрэнны настрой». Яго будуць судзіць

Ілюстрацыйнае фота

Сьледчы камітэт завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы супраць 22-гадовага менчука, якога абвінавачваюць у жорсткім абыходжаньні з жывёламі, што прывяло да іх гібелі.

Паводле сьледзтва, 11 жніўня валянтэры атрымалі інфармацыю ад неабыякавых грамадзян пра тое, што з кватэры жылога дома ў Фрунзэнскім раёне Менску даносяцца крыкі жывёлы. Зоаабаронцы прыехалі па адрасе, але дзьверы ім ніхто не адчыніў. Ля сьмецьцевых кантэйнэраў у двары яны знайшлі труп ката і зьвярнуліся ў міліцыю, паведамляе прэс-служба СК.

Міліцыянты знайшлі гаспадара памерлай жывёлы — 22-гадовага менчука. Як высьветлілі сьледчыя, ён набываў жывёл у інтэрнэце, агулам забіў 16 катоў. Падчас допыту малады чалавек сказаў, што біў катоў рукамі і нагамі «з прычыны дрэннага настрою», а целы памерлых катоў выкідаў праз балькон ці ў сьмецьцевыя кантэйнэры. Свае дзеяньні малады чалавек здымаў на камэру мабільнага тэлефона.

Згодна з заключэньнем стацыянарнай судова-псыхіятрычнай экспэртызы, малады чалавек усьведамляў характар і грамадзкую небясьпеку сваіх дзеяньняў і мог кіраваць імі.

Па выніках расьсьледаваньня 22-гадоваму хлопцу прад’явілі абвінавачаньне па ч.ч. 1,2 арт. 339-1 Крымінальнага кодэксу (жорсткае абыходжаньне з жывёлай, якое пацягнула за сабой яе гібель і калецтвы, зьдзейсьненае з хуліганскіх і іншых памкненьняў, зьдзейсьненае паўторна). Санкцыя артыкула прадугледжвае арышт, абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да трох год. Яго ўзялі пад варту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гомельца, які раздушыў нагой кацяня на вачох дзіцяці, арыштавалі на месяц
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За забойства коткі жыхару Вялейкі прысудзілі год папраўчых працаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забойцу катá з Горадні прысудзілі два месяцы арышту