Крыніца ў NATO: Байдэн заявіў, што за выбух у Польшчы адказная ракета супрацьпаветранай абароны Ўкраіны

Джо Байдэн падчас тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам 16 лістапада

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн паведаміў лідэрам G7 і партнэрам у NATO, што ракетны выбух у Польшчы быў выкліканы ўкраінскай ракетай супрацьпаветранай абароны.

Пра гэта паведамляе Reuters, спасылаючыся на крыніцу ў NATO.

Раней, падчас саміту G20 на востраве Балі ў Інданэзіі, Байдэн спаслаўшыся на папярэднюю інфармацыю, сказаў, што ракета, імаверна, была выпушчаная не «з Расеі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн пра падзеньне ракеты ў Польшчы: «Малаімаверна, што яна была запушчаная з Расеі»

Брытанскі прэм’ер: «Нічога б не адбылося, каб не ўварваньне Расеі ва Ўкраіну»

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Рышы Сунак заявіў, што сьмяротны ракетны ўдар у Польшчы падкрэсьліў неад’емную пагрозу, якую нясе вайна, але не сказаў, хто выпусьціў снарад, піша AFP.

Выступаючы пасьля саміту G20 на Балі ў Інданэзіі, Сунак сказаў, што «нічога з гэтага не адбылося б, каб не ўварваньне Расеі ва Ўкраіну. Гэта жорсткая і няўмольная рэальнасьць пуцінскай вайны».

Сутыкнуўшыся з пэрспэктывай таго, што вайна перакідваецца па-за межы Ўкраіны на тэрыторыю NATO, Сунак сказаў, што ўдар, у выніку якога загінулі два чалавекі, не адбыўся б, калі б Расея не абстраляла Ўкраіну ракетамі.

«Пакуль гэта будзе працягвацца, гэта нясе пагрозу для нашай бясьпекі і бясьпекі нашых хаўрусьнікаў. І пакуль гэта будзе працягвацца, гэта будзе надалей разбураць сусьветную эканоміку», — сказаў ён.

Сунак таксама зьвязаў эканамічны застой у сваёй краіне, а таксама 11-працэнтную інфляцыю з вайной ва Ўкраіне.

«Няма ніводнага чалавека ў сьвеце, які не адчуў бы на сабе ўплыў пуцінскай вайны», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO правядзе тэрміновую нараду з прычыны падзеньня ракет у Польшчы

Дарадца Офісу Зяленскага: Толькі Расея сваімі ракетнымі нападамі вінаватая ў пагрозах і эксцэсах у іншых краінах

Дарадца кіраўніка офісу ўкраінскага прэзыдэнта Міхайла Падаляк лічыць, што адказнасьць за здарэньне ў Польшчы ў кожным выпадку нясе Масква, піша BBC.

«Намер, сродкі выкананьня, рызыкі, эскаляцыя — усё гэта толькі Расея. І тут ня можа быць ніякіх іншых тлумачэньняў любым эксцэсам з ракетамі. Бо калі краіна-агрэсар наносіць наўмысны канцэнтраваны ракетны ўдар па ўсёй тэрыторыі вялікай краіны на эўрапейскім кантынэнце сваёю састарэлаю савецкаю зброяй (ракеты клясы Х), трагедыя рана ці позна адбываецца і на тэрыторыях іншых дзяржаваў.

Ня бачу ані найменшага сэнсу адыходзіць ад гэтай простай лёгікі: толькі Расея сваімі ракетнымі нападамі вінаватая ў пагрозах і эксцэсах у іншых краінах».

Падаляк заклікаў заходнія дзяржавы нарэшце «закрыць неба» над Украінай.

«Ня трэба шукаць апраўданьняў і адкладаць ключавыя рашэньні. Эўропе пара закрыць неба над Украінай. У тым ліку і для яе ўласнай бясьпекі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэскі парлямэнт прызнаў Расею «дзяржавай-спонсарам тэрарызму»

Рэакцыя Польшчы

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда пракамэнтаваў інцыдэнт з ракетай, якая ўпала каля польска-ўкраінскай мяжы і забіла дваіх чалавек.

«Хутчэй за ўсё, гэта была ракета С-300 расейскай вытворчасьці. У нас на гэты момант няма доказаў таго, што гэта была ракета, запушчаная расейскім бокам», — заявіў Дуда.

Паводле яго, ёсьць шмат прыкметаў таго, што гэта была ракета супрацьпаветранай абароны, якая, на жаль, упала на тэрыторыі Польшчы.

Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі прызнаў, што, магчыма, цяпер няма падставаў настойваць на запуску працэдуры NATO паводле пункту № 4. Польскага прэм’ера цытуе Reuters.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Дуда пра падзеньне ракеты: «Няма ніякіх прыкметаў таго, што гэта быў наўмысны напад на Польшчу»

Што кажуць у Расеі

Міністэрства абароны Расеі зьняпраўдзіла ўсе паведамленьні ўкраінскага боку аб пашкоджаных жылых будынках у Кіеве і аб расейскай прыналежнасьці ракеты, у выніку выбуху якой у Польшчы загінулі два чалавекі.

«Усе разбурэньні, якія дэманструе кіеўскі рэжым у жылых кварталах украінскай сталіцы, ёсьць простым наступствам падзеньня і самаліквідацыі запушчаных украінскімі войскамі зэнітных ракет з разьмешчаных у межах гораду ўкраінскіх і замежных комплексаў супрацьпаветранай абароны», — працытавала расейскае агенцтва «РИА Новости» пазыцыю расейскага вайсковага ведамства.

У міністэрстве абароны Расеі таксама пераконваюць, што і ракета, што выбухнула ў Польшчы, «адназначна ідэнтыфікаваная расейскімі спэцыялістамі абаронна-прамысловага комплексу як элемэнты зэнітнай кіраванай ракеты С-300 Паветраных сіл Украіны».

  • Як паведамлялі раней, на тэрыторыі Польшчы ў мясцовасьці Пшэводаў, непадалёк ад мяжы з Украінай, у аўторак адбыўся выбух. Улады пацьвердзілі падзеньне ракеты і паведамілі, што загінулі два чалавекі.
  • Польшча выклікала амбасадара Расеі ў Варшаве для тлумачэньняў пасьля таго, як Масква зьняпраўдзіла паведамленьні аб сваёй датычнасьці да выбуху ў Пшэводаве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна змагаецца з наступствамі самых маштабных ракетных абстрэлаў: больш як 96 ракет на 15 рэгіёнаў. ФОТА