Міністэрства здароўя Беларусі прыпыніла дзеяньне ліцэнзіяў трох мэдычных цэнтраў

У прыватным мэдычным цэнтры ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

Яшчэ тры прыватныя мэдычныя арганізацыі трапілі пад ціск уладаў.

16 лістапада Міністэрства аховы здароўя прыпыніла дзеяньне ліцэнзіяў ТДА «Мэдычны цэнтар Кравіра», ТАА «Доктар Нема», ТАА «ПлеядаМед» (Dental Clinic). Прычынай называюць выяўленыя парушэньні.

Раней аналягічныя рашэньні прымалі для ТАА «Мэдычны цэнтар «Нардзін» і ТАА «Тры дантысты плюс».

29 верасьня стала вядома аб прыпыненьні дзеяньня ліцэнзіяў на мэдычную дзейнасьць ТДА «Элітон плюс» з 14 кастрычніка 2022 году. Камісія Міністэрства аховы здароўя выявіла «грубыя парушэньні заканадаўства аб санітарна-эпідэміялягічным дабрабыце насельніцтва і ліцэнзаваньні» ў дзейнасьці ТДА «Элітон плюс».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінздароўя вярнула ліцэнзіі «Нардзіну» і «Тром дантыстам плюс», але забрала дазвол яшчэ ў аднаго цэнтру

3 кастрычніка калегія Міністэрства аховы здароўя пацьвердзіла рашэньне лячэбна-кантрольнай рады Міністэрства аховы здароўя аднаўленьні дзеяньня ліцэнзіі ў ТАА «Мэдычны цэнтар «Нардзін» і ТАА «Тры дантысты плюс».

Рада прыйшла да высновы, што «Нардзін» і «Тры дантысты плюс» зьліквідавалі парушэньні, за якія раней у іх забралі ліцэнзіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Суседзі», «Прыёрбанк», «Нардзін»: У якія бізнэсы прыйшлі беларускія сілавікі і што цяпер з самімі бізнэсоўцамі