Сустрэча мае адбыцца на падставе артыкулу 4 Хартыі альянсу, паведамляе Reuters з спасылкай на двух эўрапейскіх дыпляматаў, якія захоўваюць ананімнасьць. Згодна з артыкулам 4 дамовы аб заснаваньні альянсу, яго чалец можа падымаць любое пытаньне, калі лічыць, што яго «тэрытарыяльная цэласнасьць, палітычная незалежнасьць або бясьпека» пад пагрозай.
«Мы правяраем абгрунтаваньне выкарыстаньня артыкула 4», — сказаў Яцэк Севера, кіраўнік Рады нацыянальнай бясьпекі Польшчы.
«Мы знаходзімся ў вельмі інтэнсіўных кантактах з ключавымі хаўрусьнікамі», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Польшчы правяло размову з расейскім амбасадарам пасьля падзеньня «ракеты расейскай вытворчасьці» ў краінеПаведамленьні аб тым, што два выбухі 15 лістапада ў вёсцы ва ўсходняй Польшчы былі выкліканыя расейскімі ракетамі, што перасеклі мяжу, выклікалі шквал размоваў паміж лідэрамі краін альянсу. Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда размаўляў па тэлефоне з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам, які пасьля размовы пацьвердзіў «жалезны» абавязак ЗША перад NATO, паведамілі ў Белым доме.
Байдэн таксама прапанаваў поўную падтрымку ЗША ў дапамозе Польшчы ў расьсьледаваньні выбухаў. Аднак пры гэтым заявіў, што «малаімаверна», што ракета была выпушчаная з Расеі.
Расея адмаўляе, што яе ракеты трапілі на тэрыторыю Польшчы, заявіўшы, што гэтыя паведамленьні былі «наўмыснай правакацыяй» дзеля эскаляцыі сытуацыі.
15 лістапада ў 15.40 у вёсцы Пшэводаў Грубешаўскага павету Люблінскага ваяводзтва ўпаў снарад расейскай вытворчасьці, у выніку чаго загінулі двое грамадзян Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн пра падзеньне ракеты ў Польшчы: «Малаімаверна, што яна была запушчаная з Расеі»