Мінабароны Беларусі: вайсковыя камісарыяты не рыхтуюць мабілізацыйных позваў, але да канца году выклічуць усіх вайсковаабавязаных

Міністэрства абароны Беларусі зьняпраўдзіла інфармацыю, якая зьявілася ў некаторых СМІ, што вайсковы камісарыят Берасьцейскай вобласьці абвясьціў тэндэр на друк мабілізацыйных позваў.

«Закупка вайсковымі камісарыятамі розных формаў, блянкаў і іншай фармалізаванай друкаванай прадукцыі зьяўляецца стандартнай штогадовай працэдурай, якая забясьпечвае плянавую работу камісарыятаў, — паведаміла Міністэрства абароны ў сваім Тэлеграм-канале. — У разуменьні абываталя парадак дня абавязкова зьвязаны з мабілізацыяй. Гэта няслушна. Позвы на мабілізацыю маюць адрозную ад іншых дакумэнтаў форму. У гэтым выпадку размова ідзе аб форме блянкаў, якімі вайсковаабавязаныя выклікаюцца для ўдакладненьня ўлікова-прыпісных даных, апавяшчаюцца аб зборавых мерапрыемствах, а таксама для прызыву на тэрміновую вайсковую службу».

«Іншых інтэрпрэтацый і здагадак з гэтай нагоды быць ня можа», — падкрэсьліла ведамства.

Дакумэнт наконт тэндэру быў апублікаваны 8 лістапада на сайце дзяржаўных закупак і падпісаны вайсковым камісарам вобласьці палкоўнікам Алегам Канавалавым. Цана закупу — 500 беларускіх рублёў. Тэрмін пастаўкі тавару — лістапад-сьнежань 2022 году. Найменьне тавару значыцца як мабілізацыйнае прадпісаньне вайсковаабавязанага, прызначанага ў каманду. Закуп фінансуецца зь дзяржаўнага бюджэту.

Да канца году ў ваенкаматы выклічуць усіх вайсковаабавязаных — Мінабароны Беларусі

Паводле Мінабароны, ваенкаматы працягваюць плянавую праверку ўліковых зьвестак вайсковаабавязаных, якую праводзяць па даручэньні Аляксандра Лукашэнкі. Грамадзян выклікаюць на пункты збору ваенкаматаў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў пераважна позвамі, адзначае ведамства.

Дагэтуль зьверку ўліковых дадзеных у асноўным праводзілі з вайсковаабавязанымі, якія працуюць у арганізацыях і прадпрыемствах незалежна ад формаў уласнасьці, а зь сярэдзіны лістапада да канца бягучага году ўліковыя дадзеныя зьвераць ва ўсіх без выключэньня вайсковаабавязаных, якія стаяць на воінскім уліку.

У Мінабароны падкрэсьліваюць, што «мерапрыемствы носяць плянавы характар» і пасьля ўдакладненьня зьвестак грамадзян адправяць дахаты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайсковы камісарыят Берасьцейскай вобласьці аб’явіў тэндэр на друк 50 тысяч мабілізацыйных позваў