Апошнім часам у некаторых школах сталі абвяшчаць пра новаўвядзеньні. У чатах бацькоў папярэджваюць, што бясплатных абедаў для льготнікаў ужо ня будзе, — настаўнікі спасылаюцца на новыя мэтадычныя ўказаньні, піша Onliner.
У Беларусі ў пачатковых клясах усіх дзяцей кормяць бясплатнымі сьняданкамі, за астатнія прыёмы ежы — абед і падвячорак — бацькам трэба плаціць. Пачынаючы з 5-й клясы харчаваньне ўжо цалкам платнае, у тым ліку і сьняданкі.
Дзецям са шматдзетных сем’яў і дзецям-інвалідам у якасьці льготы заўсёды давалі бясплатнае харчаваньне. У пачатковай школе, акрамя сьняданку, вучняў кормяць абедам і падвячоркам, пасьля 5-й клясы — толькі сьняданкам і бясплатным абедам.
«У школе паведамілі, што ад сёньня бясплатных абедаў дзецям з 4-й клясы ня будзе. У нас ужо трэцяе дзіця ходзіць у школу, з 2011 году дзейнічала льгота, але абеды скасавалі толькі цяпер, прычым з другой чвэрці», — піша мама юнага гімназіста.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску засталася ўсяго адна прыватная школа. Расказваем, чаму яе не закрыліАле ў некаторых школах усё па-ранейшаму: нават калі дзіця ня ходзіць у групу падоўжанага дня, яно мае бясплатны абед. Вось як патлумачыла сытуацыю дырэктар 37-й гімназіі Менску Ірына Данянкова:
«У 317-ю пастанову Cавету Міністраў летам былі ўнесеныя зьмены. Навучэнцы, якія знаходзяцца ва ўстанове адукацыі больш за 6 гадзін (гэта значыць залічаныя ў групу падоўжанага дня), забясьпечваюцца 2-разовым бясплатным харчаваньнем. Гэта тычыцца льготных катэгорыяў сем’яў. Але ў пачатковай школе ёсьць дзеці, якія знаходзяцца ў гімназіі 5 гадзін, адпаведна, у іх толькі сьняданак бясплатны. Пасьля 5-га ўроку яны ідуць дадому і абедаюць там, гэта лягічна. Дзеці, залічаныя ў групу падоўжанага дня, знаходзяцца ў гімназіі больш за 6 гадзін, таму яны забясьпечаныя 2- ці 3-разавым харчаваньнем залежна ад катэгорыі».
Як дадала Ірына Данянкова, гэта тычыцца абсалютна ўсіх школ, проста ня ўсюды адразу зьвярнулі ўвагу на зьмены.
«Фактычна мы кармілі дзяцей бясплатна ў парушэньне. Таму сёньня ўстанова адукацыі будзе кампэнсаваць дзяржаве розьніцу, бо была няправільная трактоўка закону», — растлумачыла дырэктарка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы выйшаў падручнік беларускай літаратуры для 4-й клясы ліцэя. Размаўляем з аўтарам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў прагаласавала за скасаваньне права на адукацыю не на дзяржаўных мовах