Эўразьвяз запускае навучальную місію для тысячаў украінскіх вайскоўцаў

Сьцягі Эўразьвязу і Ўкраіны

Эўрапейскі Зьвяз абвясьціў аб пачатку спэцыяльнай навучальнай місіі ЭЗ для ўкраінскай арміі EUMAM. Гэтае рашэньне краіны — сябры ЭЗ прынялі за рэкордна кароткі час, паведаміў высокі дыплямат Эўразьвязу Жузэп Бурэль на прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі.

Місія, як піша DW, разьлічаная на базавую падрыхтоўку прынамсі 15 тысяч украінскіх вайскоўцаў, пачне сваю працу ў Польшчы да канца лістапада 2022 году, паабяцаў Бурэль. Ён удакладніў, што ў ёй маюць намер узяць удзел многія краіны Эўразьвязу. Сярод іх, напрыклад, Румынія, Ірляндыя, Славаччына, аб чым заявілі міністры замежных справаў гэтых краін напярэдадні пасяджэньня ў Брусэлі.

Місія зоймецца «індывідуальнай, калектыўнай і спэцыялізаванай» падрыхтоўкай УСУ і сілаў тэрытарыяльнай абароны, а таксама «каардынацыяй і сынхранізацыяй дзейнасьці дзяржаваў-чальцоў», якія падтрымліваюць місію, паведамілі ў Радзе ЭЗ.

EUMAM стане найбуйнейшай навучальнай місіяй Эўразьвязу для трэцяй краіны, паведаміла агенцтва AFP з спасылкай на эўрапейскіх дыпляматаў. Папярэдне яе праца разьлічаная на два гады, прыблізная сума выдаткаў за гэты пэрыяд складзе каля 106 млн эўра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайсковы камісарыят Берасьцейскай вобласьці аб’явіў тэндэр на друк 50 тысяч мабілізацыйных позваў