Генасамблея ААН прагаласавала за спагнаньне з Расеі рэпарацыяў Украіне. Беларусь прагаласавала супраць

Пасяджэньне Генэральнай Асамблеі ААН

Генэральная Асамблея ААН 14 лістапада прыняла рэзалюцыю, якая патрабуе ад Расеі выплаты рэпарацыяў Украіне. Пра гэта паведамляе Reuters.

Рэзалюцыю падтрымалі 94 са 193 чальцоў асамблеі. Сярод тых, хто прагаласаваў супраць, Беларусь, Куба, Іран і Зімбабвэ (усяго 14 краінаў). Устрымаліся 73 чальцы асамблеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральная Асамблея ААН не прызнала анэксіі ўкраінскіх тэрыторый Расеяй, Беларусь галасавала супраць

Такім чынам Генасамблея ААН прызнала, што Расея парушыла міжнароднае права, пачаўшы вайну супраць Украіны, і павінная «несьці прававыя наступствы, у тым ліку пакрыцьцё шкоды». У рэзалюцыі прапануецца стварыць адмысловы міжнародны мэханізм уліку і кампэнсацыі шкоды, якую панесла і панясе Ўкраіна ў выніку вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Большасьць чальцоў Рады Бясьпекі ААН асудзіла ўлады Беларусі за прымусовую пасадку самалёта Ryanair

Рэзалюцыі Генасамблеі ААН, у адрозьненьні ад рэзалюцыяў Рады бясьпекі ААН, не абавязковыя да выкананьня. Яны маюць толькі палітычнае значэньне. Расея мае права вета ў Радзе Бясьпекі ААН і блякуе любыя накіраваныя супраць яе дакумэнты.