У сьпіс прэтэндэнтаў у намінацыі «За пераклад на ўкраінскую мову твораў выдатных замежных аўтараў» уключаная ўкраінская перакладчыца Іванна Падольская (літаратурны псэўданім — Іва Падольская) за пераклад зь беларускай мовы раману Зянона Пазьняка «Палын-Палын...». Ва ўкраінскім перакладзе раман называецца «Гіркий запах полиновий...».
Раман Зянона Пазьняка выйшаў ва ўкраінскім выдавецтве «Коло» ў 2021 годзе. Тады ж пераклад перамог у літаратурным конкурсе «Крылаты Леў» у намінацыі «Профі-пераклад».
Зянон Пазьняк лічыць, што ягоны раман складаны для перакладу, бо кожны пэрсанаж мае сваю мову і сваю манеру гаварыць.
«Па тэксту шмат „трасянкі“, беларуска-польскай мяшанкі, расейскага жаргону і фразаў па-нямецку, плюс іншасказанасьці, падтэксты, пастаянныя звароты ў пэрыфразы зь беларускай паэзіі, гісторыі і літаратуры, шмат цытуецца вершаў. Усё гэта (важнае для разуменьня ўспрыняцьця падзей раману) магло б складаць цяжкасьці для перакладу і разуменьня зьместу твора для ўкраінцаў. Аднак Іва Падольская справілася з задачай перакладу выдатна. Знойдзены адпаведнікі, тлумачэньні пад тэкстам, адпрацавана тэрміналёгія. Пазнаю свой тэкст у выдатнай украінскай мове», — напісаў Зянон Пазьняк.
«У гэты цяжкі час, калі Беларусь акупаваная маскоўскім войскам, а Ўкраіна ваюе супраць расейскай агрэсіі, хай жа гэты пераклад твору аб рэчаіснасьці савецкай акупацыі, якая была аднолькавая ў Беларусі і ва Ўкраіне, хай гэтае ўкраінскае выданьне раману спрыяе ўсьведамленьню неабходнасьці праўды і свабоды дзеля волі і шчасьця людзей Украіны і Беларусі», — дадаў Зянон Пазьняк.
Прэмія імя Максіма Рыльскага — штогадовая літаратурная прэмія, заснаваная ў 1972 годзе. Ёй узнагароджваюць за вышэйшыя дасягненьні ў галіне перакладу на ўкраінскую мову твораў усясьветнай літаратуры.
У 1973 годзе прэмію атрымаў украінскі паэт і перакладчык Мікола Цярэшчанка, які перакладаў на ўкраінскую мову творы Янкі Купалы і Якуба Коласа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нечаканы Пазьняк, або З «Вышыні» незабыўнага мінулага