Расейскія вайскоўцы, перакінутыя ў Беларусь, праходзяць інтэнсіўную падрыхтоўку на палігонах, у тым ліку з ужываньнем бронетэхнікі, паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны РФ.
«Расейскія вайскоўцы, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі войскаў, на палігонах узброеных сілаў Рэспублікі Беларусі працягваюць курс інтэнсіўнай баявой падрыхтоўкі», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
Таксама адзначаецца, што заняткі ў баявой падрыхтоўцы падразьдзелаў праводзяцца ў дзённы і начны час.
«На палігонах вайскоўцы Заходняй вайсковай акругі ўдасканальваюць стральбу з штатнай зброі, кіраваньне баявымі машынамі, праходжаньне псыхалягічнай паласы перашкодаў, вывучэньне навыкаў тактычнай мэдыцыны і іншыя дысцыпліны», — паведамілі ў Міністэрстве абароны РФ.
- 10 кастрычніка было абвешчана, што Крэмль і Менск дамовіліся аб разгортваньні ў Беларусі сумеснай групоўкі войскаў «у сувязі з абвастрэньнем на заходніх межах Саюзнай дзяржавы». Паведамлялі, што з Расеі ў Беларусь адправяць каля 170 танкаў, да 200 баявых машын і да 100 гармат і мінамётаў, а таксама ня менш за 9 тысяч вайскоўцаў расейскай арміі.