У сустрэчы прынялі ўдзел 17 міністраў замежных справаў краін Эўразьвязу, амаль усе выступілі і выказалі падтрымку Беларусі, паведаміла прэс-служба Ціханоўскай.
Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да замежных міністраў з прамовай.
«Я настойваю: гэтая вайна — не канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай. Два дыктатары вядуць вайну супраць эўрапейскай цывілізацыі. І абавязак кожнага народу на кантынэнце, у тым ліку беларусаў, дапамагчы Ўкраіне абараніць сябе», — заявіла Ціханоўская.
Беларуская дэмакратычная лідэрка зазначыла, што цяпер «самы час падтрымаць намаганьні беларусаў дзеля абароны незалежнасьці свайго народу».
Сьвятлана Ціханоўская пералічыла некалькі захадаў, якія мог бы падтрымаць Эўразьвяз. Яна прапанавала:
- аблегчыць візавы рэжым для беларусаў, узмацніць адукацыйны і культурны абмен, падтрымаць прыватны бізнэс, не зьвязаны з рэжымам;
- працягваць аказваць падтрымку СМІ і грамадзянскай супольнасьці;
- перазапусьціць «маскоўскі мэханізм» АБСЭ для рэжыму Лукашэнкі;
- не падтрымліваць адносінаў зь нелегітымным рэжымам Лукашэнкі і ня весьці перамоваў за сьпінай беларусаў;
- інстытуцыяналізаваць адносіны з дэмакратычнымі сіламі ў Эўрапарлямэнце за прыкладам Рады Эўропы;
- запрасіць Беларусь у эўрапейскую палітычную супольнасьць (праект, ініцыяваны Эманюэлем Макронам), але каб Беларусь прадстаўлялі дэмакратычныя сілы, а не рэжым;
- падтрымаць беларускіх актывістаў і валянтэраў ва Ўкраіне;
- прадоўжыць супрацоўніцтва з Беларусьсю ў рамках Усходняга партнэрства.
«У гэты крытычны момант гісторыі Беларусі я прашу вас падтрымаць нашыя намаганьні для вяртаньня нашага народу ў эўрапейскую сям’ю. (...) У сваёй заяве аб сытуацыі прэзыдэнт фон дэр Ляен сказала: „Трэба было прыслухацца да тых, хто ведае Пуціна“ і згадала беларусаў у ліку іншых у нашым рэгіёне. Нам важна, каб наш пункт гледжаньня быў пачуты. І мы прапануем ЭЗ наш поўны ўдзел у супольнай ліквідацыі гэтае пагрозы для ўсіх нас», — заявіла Ціханоўская падчас сустрэчы ў Бруселі з Радай замежных справаў ЭЗ.
Папярэдняя сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай у такім фармаце адбылася год таму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўскай на форуме ў Рэйк’явіку ўручылі ўзнагароду за жаночае палітычнае лідэрстваПерад пачаткам паседжаньня Рады замежных справаў Эўразьвязу выступ Сьвятланы Ціханоўскай анансаваў высокі прадстаўнік ЭЗ ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль.
«Ціханоўская зноў запрошаная як лідэр беларускай апазыцыі на Раду, каб падзяліцца з намі сваім бачаньнем сытуацыі ў Беларусі і паглядзець, што мы можам зрабіць, у тым ліку адносна ўзроўню ўцягнутасьці беларускай арміі ў гэтую вайну, бо ясна, што яны аказваюць настолькі вялікую дапамогу расейскім войскам, наколькі Пуцін патрабуе яе ад кіраўніка Беларусі, але няма ніякіх доказаў наўпроставага ўдзелу беларускіх падразьдзяленьняў.
Мы хочам ведаць пра ўнутрыпалітычную сытуацыю, пра лёс тысяч палітычных вязьняў у турмах Лукашэнкі. Гэта важна — падтрымліваць кантакт зь беларускай апазыцыяй», — сказаў кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі.
Бурэль таксама адзначыў, што ўвага Эўразьвязу да Беларусі не аслабела праз вайну ва Ўкраіне.
«Не, мы надаем столькі ўвагі, колькі трэба, і робім усё, што можам. Мы моцна клапоцімся пра Ўкраіну, але гэта не адзінае, чым мы займаемся», — дадаў ён, адказваючы на пытаньне, ці не забываюцца ЭЗ пра Беларусь на фоне вайны ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жузэп Бурэль: Эўразьвяз вітае прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму