«Ну пакапайцеся ўсярэдзіне, знайдзіце рэзэрвы, паглядзіце на сабекошт, дзе ў вас залішнія выдаткі. І давайце пачынаць, нарэшце, у цяжкія, няпростыя часы, у якіх апынуліся ня толькі наша краіна, увесь сьвет у такой сытуацыі знаходзіцца, давайце недзе будзем зьніжаць сабекошт, недзе будзем зьніжаць выдаткі неабгрунтаваныя, недзе аптымізаваць бізнэс-працэсы, бізнэс-ланцужкі, лягістыку, разьбірацца», — сказаў міністар антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі Аляксей Багданаў у інтэрвію тэлеканалу «БелРос».
Паводле яго, адным з асноўных фактараў высокай інфляцыі ў 2022 годзе стала «падаражаньне лягістыкі ў пяць разоў».
«Адбывалася відавочна выяўленая інфляцыя так званых выдаткаў, інфляцыя росту цэнаў у вытворчасьці. Чаму так адбывалася? Па-першае, вядома, мы не маглі ўнікнуць тых крызісных зьяваў у сьвеце — як у пандэмічны час, так і ўжо пасьля пачатку спэцыяльнай ваеннай апэрацыі ва Ўкраіне, калі цэны на імпартаваныя ў нашу краіну тавары, у тым ліку спажывецкага попыту, расьлі высокімі тэмпамі. Гэта так, і гэта рэальна», — сказаў Багданаў.
«З апэратыўных зьвестак мы бачым, што ніхто пакуль сур’ёзна не пацярпеў, — заявіў міністар. — Ідзе перабудова бізнэс-працэсаў пад новыя ўмовы працы. Сапраўды, такой сыстэмы рэгуляваньня ў рэспубліцы не было ўвогуле ў гісторыі — такой маштабнай. Таму, вядома, за адзін дзень перабудавацца немагчыма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сыстэму рэгуляваньня цэнаў у Беларусі не адменяць, але могуць мадэрнізаваць, заявіў прэм’ер ГалоўчанкаБарацьба Лукашэнкі з ростам цэнаў
6 кастрычніка Лукашэнка пасьля нарады пра цэнавую сытуацыю ў краіне падпісаў дырэктыву № 10 «Аб недапушчальнасьці росту цэнаў».
Свае дакумэнты прынялі ўрад, Камітэт дзяржаўнага кантролю, Генэральная пракуратура. Тыя, хто павысіць цэны бяз санкцыі міністра антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю або старшыні аблвыканкаму (Менгарвыканкаму), будуць несьці адказнасьць аж да крымінальнай, заявіў Лукашэнка.
Пастановай ураду ад 19 кастрычніка № 713 «Аб сыстэме рэгуляваньня цэнаў» было ўведзена рэгуляваньне цэнаў на тавары ўсяго спажывецкага кошыку. Згодна з дакумэнтам, шляхам вызначэньня гранічных надбавак рэгулююцца цэны 370 таварных пазыцыяў.
27 кастрычніка з пастановы выключылі пэўныя групы тавараў.
Паводле Белстату, у верасьні ў параўнаньні з жніўнем гэтага году спажывецкія цэны вырасьлі на 0,9%, у параўнаньні зь сьнежнем 2021-га — на 14,8%. За год (ад верасьня мінулага году) інфляцыя склала 17,4 працэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гандлёвую сетку «Алмі» аштрафавалі за павышэньне цэн на сацыяльна значныя тавары