У беларускае войска штогод паступае ад 10 да 20 новых відаў узбраеньня айчыннай вытворчасьці, паведаміў у праграме «Тыдзень» на тэлеканале СТБ старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту (ДВПК) Дзьмітры Пантус, піша BPN.
«Мы робім усё магчымае, каб ва Ўзброеныя сілы штогод пастаўлялася як мага больш самых сучасных сродкаў узбраеньня ўсіх кірункаў», — сказаў кіраўнік ДВПК.
Ключавымі кірункамі ён назваў «сродкі нападу» і бесьпілётныя лятальныя апараты, а таксама «сродкі барацьбы з гэтымі ж бесьпілётнікамі».
«Сёньня лінія радыёэлектронных сродкаў здушэньня „Гроза“ вельмі шырокая, вельмі актуальная і карыстаецца пэўным попытам. Мы вядзем устаноўку гэтых сыстэм ня толькі на вайсковых аб’ектах, ня толькі на мяжы Беларусі, але і на аб’ектах цывільнай інфраструктуры і найважнейшых стратэгічных аб’ектах», — сказаў Пантус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На сьвяткаваньні БНР-100 сілавікі тэставалі радыёэлектронныя стрэльбы, каб у 2020 змагацца з пратэстамі, а ў 2022 дапамагаць Расеі ў вайнеПаводле яго, таксама рэалізуюцца праекты мадэрнізацыі «ўзбраеньня яшчэ савецкай вытворчасьці». Як пасьпяховы прыклад чыноўнік прывёў танк Т-72БМЭ. Гэта мадыфікацыя танка Т-72, сэрыйная вытворчасьць якога павінна пачацца ў 2023 годзе.
«Сёньня каапэрацыйная работа нашых прадпрыемстваў у асноўным вядзецца з дружалюбнымі для Рэспублікі Беларусі краінамі. Асноўны партнэр тут у нас Расейская Фэдэрацыя. І сёньня ў працэсе дэталізацыі і ня толькі дэталізацыі, але і рэалізацыі вельмі шмат сумесных праектаў», — заявіў Пантус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія сумесныя з расейцамі навучальныя вайсковыя цэнтры ўжо ёсьць у Беларусі і чым яны займаюцца. МАПА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 БМП, 100 танкаў, тысячы тон боепрыпасаў. Як Беларусь дапамагае Расеі зброяй і навошта