У былой сынагогі няма статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці, але яна ўваходзіць у гістарычны цэнтар гораду, а забудова ў ім знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Ад будынку захаваліся толькі сьцены і фасад, часткова — перакрыцьці. Аднак іх цяпер разьбіраюць на цэглу, паведамілі сьведкі работ.
Віцебскі партал vitebsk.biz правёў расьсьледаваньне з камэнтаром віцебскага архітэктара Глеба Арлоўскага, які незадаволены работамі на аб’екце.
«Франтон стаяў стагодзьдзе і ня падаў. Яго трэба было ўмацаваць, а ня зносіць, бо арыгінал нішто не заменіць. Калі рэканструкцыя сынагогі будзе ісьці такімі мэтадамі і тэмпамі, то яе каштоўнасьць як помніка архітэктуры кардынальна паменшыцца і застанецца толькі ў старой цэгле. Таму што, як бы ні зьбіралі разабраны будынак, нават з усімі дакладнымі замерамі, усё роўна зрабіць так, як рабілі будаўнікі да нас, не атрымаецца. Бо адзіная апраўданая мэта рэстаўрацыі — максымальнае захаваньне архітэктурнага арыгіналу, а гэта магчыма толькі з навукова абгрунтаванай, мінімальна неабходнай разборкай гістарычных канструкцый, архітэктурных элемэнтаў».
Таксама архітэктар наракае на адсутнасьць апублікаванага архітэктурнага праекту зь відамі рэстаўрацыйных работ.
«Даступнасьць інфармацыі аб ходзе будаўніцтва дапамагла б гараджанам зразумець правамернасьць тых ці іншых дзеяньняў, зьняць шэраг пытаньняў і ажыцьцяўляць грамадзкі кантроль за ходам рэканструкцыі».
Раней Любавіцкую сынагогу наведваў бацька Марка Шагала, які жыў непадалёк.
Цагляную сынагогу пабудавалі ў 1904 годзе — такую дату прыводзіць у часопісе «Мішпоха» галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіву вобласьці Канстанцін Карпекін. Тады ў Віцебску было больш за 50 сынагог: юдэі, паводле перапісу 1897 году, складалі 52,4% насельніцтва Віцебску. У 1929 годзе сынагогу закрылі савецкія ўлады. Замест яе ў будынку зрабілі дом культуры рабочых-дрэваадзьдзелачнікаў, а пазьней — склады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладальніца слонімскай сынагогі адмовілася ад рэканструкцыі з-за санкцый і вайны ва Ўкраіне. Фонд ліквідавалі