«Мы ня можам нічога замарожваць. Мы не халадзільная камэра. Мы павінны вызваляць нашы тэрыторыі незалежна ад надвор’я, незалежна ад пары года. Ніякага перапынку мы дапускаць ня можам, бо там ёсьць нашы людзі, мы бачым, як яны пакутуюць, як яны са сьлязьмі на вачах сустракаюць нашых хлопцаў, нашых вызваліцеляў.
Таму задача ўзброеным сілам, якую ставіць прэзыдэнт нашай краіны, яна даволі простая і зразумелая — вызваленьне ўсіх нашых тэрыторый ад тэрарыстаў, ад акупантаў. І гэта абавязкова будзе зроблена. Пытаньне толькі часу», — заявіў Данілаў увечары 11 лістапада, яго цытуе УНІАН.
Як піша The New York Times, пасьля вызваленьня Херсону ўкраінскія войскі дэманструюць, што не зьбіраюцца спыняць наступальныя дзеяньні. На ўсходзе краіны Ўзброеныя сілы Ўкраіны працягваюць прасоўвацца наперад і адбілі неаднаразовыя спробы Расеі захапіць Бахмут і Паўлаўку, а на поўдні — абстрэльваюць пазыцыі РФ на левым беразе Дняпра, паведамляе выданьне.
Расейскія ўлады ўсё часьцей кажуць, што гатовыя вярнуцца да перамоваў з Украінай. «Медуза» са спасылкай на свае крыніцы сьцьвярджае, што расейскія ўлады хацелі б дамагчыся рэжыму спыненьня агню і выкарыстоўваць зацішша для падрыхтоўкі да новага наступу ў лютым-сакавіку 2023 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня тая сытуацыя, калі трэба ісьці на саступкі Маскве». Як Захад ацэньвае пазыцыі Крамля і ці пойдзе Кіеў на мірныя перамовы?