Расея забараніла праход суднаў, загружаных за межамі краіны, праз Керчанскі праліў у Азоўскае мора. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на галоўнае ўпраўленьне па марскіх справах пры Міністэрстве транспарту і інфраструктуры Турэччыны.
«Згодна з афіцыйным апавяшчэньнем, якое мы атрымалі ад марской адміністрацыі Расейскай Фэдэрацыі, праход судоў, загружаных за межамі тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, на поўнач праз Керчанскі праліў, які забясьпечвае праход у Азоўскае мора, забаронены», — цытуе ТАСС ведамства.
Расейскія ўлады пакуль не камэнтавалі гэтую інфармацыю.
8 кастрычніка на мосьце праз Керчанскі праліў узарваўся грузавы аўтамабіль, у выніку часткова абрынулася дарожнае палатно і загарэўся цягнік, які перавозіў гаручыя матэрыялы. Загінулі чатыры чалавекі — кіроўца грузавіка, які выбухнуў, і пасажыры легкавога аўтамабіля, які праяжджаў побач.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шэдэўр дывэрсіі». ВВС апытала экспэртаў, як маглі арганізаваць выбух на Крымскім мосьце