Жыве вечна!
Гожая і тварам, і станам. Шляхотная ў стасунках і ў самоце. Разумная і сэрцам, і галоўкай. Хлопцы хадзілі за ёй гужам. Зманьвалі заможнасьцю, мажлівасьцямі і маскуліннасьцю.
А ён нічым такім не вылучаўся. І не заляцаўся. Проста разам рабілі агульную справу. І неяк аднойчы ёй раптам нешта ў душы зашчымела. А як яна будзе сама з гэтай справай, калі яго побач ня будзе? Дый увогуле, як яна будзе тады безь яго?
Сказаць пра тое не пасьпела. Бо ў іхняй краіне, калі пажадаеш ёй жыць, адзінай дарогай табе застанецца ў турму.
Там яны і пабраліся. Сябры і сваякі з усіх бакоў адгаворвалі яе: «Будзеш вечнаю жонкаю зэка». «Вечна так ня будзе!», — упарцілася яна.
Вечна ці не, але адказ у яе і сёньня адзіны: «Жыве вечна!» Дзеткі гадуюцца бяз татавага клопату. Бо тата — экстрэміст, а таму — за кратамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чалавека схапілі. Запраторылі ў турму. А выходзіць адтуль — паэтЯ безь цябе — ніхто
Лісты палітвязьняў да сваіх каханых, якія ня выракліся ўласнай долі «зэчкі», поўныя пяшчоты і маральнай падтрымкі. «Табе цяжэй, чым мне. Я ведаю. Але трымайся, бо я безь цябе — ніхто». Гэтыя свае словы былы палітвязень пацьвердзіў нават тады, калі яго пасьля вызваленьня змушалі пакінуць радзіму. «Бяз жонкі не паеду!» І тая, зьнясіленая хваробамі ад моцных эмацыйных перагрузак за час зьняволеньня мужа, паехала за ім проста са шпіталя.
Гэтую вернасьць закаханых адзін адному, для каго пароль каліноўцаў цяпер стаў сымбалем жыцьця, зрабіла лейтматывам свайго раману «Над Нёманам» Эліза Ажэшка. Яе гераіні пад пагрозай пакараньня таемна ходзяць на магілы забітых каханых паўстанцаў 1863 году. Увесь час апранаюцца толькі ў чорныя жалобныя сукні. Што таксама было забаронена расейскімі акупантамі. Не бяруць новыя шлюбы.
Што праўда, саму пісьменьніцу некаторыя сучасьнікі, дый цяпер ад таго-сяго даводзілася чуць, папракалі, што не паехала за высланым за сувязі з антырасейскімі паўстанцамі мужам у дзікую глыбінку Расейскай імпэрыі. Ну так, не паехала. Але там была свая асаблівая гісторыя. Без каханьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады ўнесьлі ў «сьпіс экстрэмістаў» 244 чалавекі, сярод іх два журналісты СвабодыКаго любіш? Люблю Беларусь!
Удава знанага гісторыка і дысыдэнта распавядала мне, як была агаломшаная мужам у першы ж дзень шлюбу. «Хачу, каб ты ведала, што калі раптам перада мною паўстане выбар — ты ці Беларусь, я выберу яе. Спадзяюся, гэткага выбару ў мяне ня будзе, але ўсё ж памятай пра гэта!»
І яна памятала. Вывучыла беларускую мову. Зрабіла яе працоўнай у сваёй прафэсіі лекара. Гадавала дзяцей на нацыянальных каштоўнасьцях. Перахоўвала мужавы антысавецкія творы. Ніколі не дала яму падставаў рабіць той драматычны выбар. Беларусь і каханьне зьліліся ў іх у адно шчасьлівае жыцьцё.
І дзеці іхнія стварылі такія ж гарманічныя сем’і. І ўнукі такімі ж падрастаюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лёзунг «Жыве Беларусь» абвясьцілі нацысцкім. Яго прыдумаў Купала, бараніла СБ і крычаў дэпутат за ЛукашэнкуПалова краіны з жоўтаю біркай
Сёньня ў Беларусі лік такіх сем’яў ідзе на тысячы. На дзясяткі тысяч. Мы дакладна ня ведаем. Але мяркуючы па тым, як улада сьпяшаецца наляпіць жоўтыя біркі на грудзі палітвязьняў, як ледзь ня штодня абзывае экстрэмісцкімі няўрадавыя фонды, суполкі, арганізацыі, як усьлед за гэтым навешвае крымінальныя артыкулы на іхніх арганізатараў і кіраўнікоў, то пэўна ўжо палова дарослага насельніцтва краіны падпадае пад бязглуздасьць гэтае тэрміналёгіі.
Бо хто такі, насамрэч, чалавек у сёньняшняй Беларусі, каго ўлада залічае да жахлівых экстрэмісцкіх злачынцаў?
Носьбіт нацыянальнай культуры.
Распаўсюднік дэмакратычных каштоўнасьцяў.
Альтэрнатыўны кандыдат на любых выбарах.
Знаны літаратар.
Выбітны журналіст.
Заклапочаны лёсам роднае мовы грамадзкі актывіст.
Папулярны музыка.
Вядомы мастак.
Стваральнік дабрачыннага фонду.
Кіраўнік дзіцячага творчага гуртка.
Ахоўнік птушак Бацькаўшчыны.
Мой каханы.
Зося Сухавей
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Невядомы Барадулін. Выйшлі запісы паэта, якія хаваліся нават ад самых блізкіх і родных
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сонька, Зьміцер і крыху эротыкі на тле падляскага стагодзьдзя. Пра новую кнігу Галіны Максімюк
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.