Ягоную тэлеграму апублікавала 11 лістапада прэс-служба Лукашэнкі.
«У цяперашні вельмі складаны і супярэчлівы час становіцца асабліва зразумелым, як важна берагчы самастойнасьць і незалежнасьць сваёй краіны, захоўваць мір, умацоўваць хрысьціянскія каштоўнасьці і ўзаемную адкрытасьць», — гаворыцца ў віншаваньні Лукашэнкі палякам.
Ён падкрэсьліў, што Беларусь імкнецца да гарманічнага разьвіцьця двухбаковых сувязяў, дэманструе гатоўнасьць будаваць масты дружбы, а не пагранічныя сьцены з калючым дротам.
«На жаль, за грубыя памылкі адыёзных польскіх палітыкаў сёньня мусяць расплачвацца звычайныя грамадзяне вашай краіны. Штучна створаныя хлусьлівыя вобразы ворагаў у асобе Беларусі і Расеі прывялі да пагаршэньня ўзроўню жыцьця ўсіх эўрапейцаў, падарвалі давер у міжнародных адносінах і вымусілі пакутаваць мільёны людзей», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зайздрасьць і помста палёнафоба. За што Лукашэнка так ня любіць Польшчу і палякаўЁн заявіў, што жыхары за Бугам гэта разумеюць і «зробяць правільны выбар падчас палітычнай кампаніі, якая павінна адбыцца».
Лукашэнка таксама запэўніў палякаў, што «ад духоўна і культурна вельмі блізкіх беларусаў ніколі не зыходзіла пагроза».
«Як правільна адзначыў польскі клясык, Беларусь нікога не рабавала і не забівала, з павагай ставілася да гасьцей, была гатовая падзяліцца нават апошнім акрайцам жытняга хлеба. Гэтыя словы і сёньня захоўваюць актуальнасьць», — напісаў Лукашэнка.
Ён выказаў надзею наладзіць канструктыўныя адносіны з палякамі і пажадаў ім «мірнага неба, салідарнасьці і незалежнага выбару».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пажадаў Украіне на Дзень Незалежнасьці мірнага неба, не згадаўшы абстрэлы з тэрыторыі Беларусі. У Кіеве адказаліПольска-беларускі канфлікт
Тым часам у Беларусі актыўна разгортваецца антыпольская праганда і працягваецца мігранцкі крызіс на мяжы Беларусі і Польшчы, інсьпіраваны ўладамі ў Менску.
- Сярод іншага, сёлета ў чэрвені ўлады Беларусі пачалі «акцыю» зьнішчэньня польскіх пахаваньняў і памятных мясьцін у Беларусі. Вядома пра шэраг разбурэньняў магілаў ваяроў Арміі Краёвай, якія ваявалі на беларускай зямлі супраць гітлераўскіх акупантаў і таксама ўступалі ў баі з савецкімі войскамі, асьцерагаючыся камуністычнай акупацыі.
- Агулам, паводле зьвестак МЗС Польшчы на 28 кастрычніка, у Беларусі з ініцыятывы ўладаў зьнішчана або апаганена 13 месцаў памяці палякаў, у тым ліку вйсковых пахаваньняў, помнікаў і памятных знакаў.
- Варшава ня раз заклікала ўлады ў Менску «неадкладна спыніць акты вандалізму на могілках, выявіць і прыцягнуць да адказнасьці вінаватых». Польшча «рашуча патрабуе павагі магілаў і памяці аб памерлых».
- Таксама не спыняецца перасьлед польскай меншасьці ў Беларусі — улады закрылі польскія школы, зьнішчылі польскія выданьні і грамадзкія арганізацыі, працягваюць трымаць у зьняволеньні фігуранта «польскай справы» журналіста Анджэя Пачобута.
- На напружанасьць стасункаў Варшавы і Менску паўплываў і міграцыйны крызіс, які пачаўся летась вясной. Тады Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Спачатку шматразовы рост колькасьці нелегальных мігрантаў адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, плыні нерэгулярных мігрантаў пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.
- У кастрычніку 2021 году Варшава заявіла, што трактуе паводзіны ўлады ў Менску як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
- У выніку падчас міграцыйнага крызісу ў студзені польскія ўлады абвясьцілі пачатак будовы пяцімэтровай мэталічнай агароджы на мяжы Польшчы і Беларусі. Апошнія працы дзеля ўзьвядзеньня загароды даўжынёй амаль 187 кілямэтраў скончыліся 30 чэрвеня.
- Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну менскі рэжым дазволіў расейцам выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для нападу на поўнач Украіны. 10 кастрычніка Лукашэнка і Пуцін заявілі аб разгортваньні сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў. Лукашэнка таксама паведаміў, што некалькі тысяч расейскіх вайскоўцаў прыбудуць у Беларусь.
Пры гэтым Лукашэнка ня раз абвінавачваў краіны ЭЗ, у тым ліку Польшчу, у рыхтаваньні нападу на Беларусь.