Беларускі ПЭН запрашае далучыцца онлайн да цырымоніі ўручэньня прэміі Гедройця

Беларускі ПЭН запрашае далучыцца онлайн да ўрачыстай цырымоніі прэміі імя Ежы Гедройця за найлепшую кнігу, выдадзеную на беларускай мове.

Цырымонія адбудзецца 17 лістапада а 19:00 менскага часу.

У спаборніцтве за месцы ў прызавой тройцы надалей удзельнічае і кніга «Бібліятэкі Свабоды».

У кароткі сьпіс увайшлі 6 кніг:

  • Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга першая. — Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2021
  • Вольга Гапеева. Самота, што жыла ў пакоі насупраць. Менск, «Галіяфы», 2021
  • Валеры Гапееў. Жэнька, каралева мышак. Менск, «Кнігазбор», 2021
  • Максім Клімковіч. Шкляная лялька і іншыя страшныя гісторыі. Менск, «Галіяфы», 2021
  • Уладзімер Някляеў. Гэй Бэн Гіном. Беласток, Фонд Kamunikat.org, 2021
  • Ганна Севярынец. Мая школа. Менск, «Лімарыус», 2021

У складзе журы прэміі Гедройця сёлета: літаратуразнаўца Ўльляна Верына; крытык, літаратар Сяргей Дубавец; пісьменьніца Ева Вежнавец; паэт, перакладнік Андрэй Хадановіч; крытык, літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч.

Летась прэмію імя Ежы Гедройця атрымала Ева Вежнавец за кнігу «Па што ідзеш, воўча?».

Прэмія Гедройця — найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, якая ўручаецца штогод ад 2012 году за найлепшую кнігу прозы, што выйшла ў папярэднім годзе на беларускай мове.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэмію Гедройця за 2020 год атрымала Ева Вежнавец за кнігу «Па што ідзеш, воўча?»