Сілавікі затрымалі на працоўных месцах двух высокіх кіраўнікоў наваполацкага «Нафтану». Пад вартай апынуліся начальнік упраўленьня вытворча-тэхнічнай камплектацыі Мікалай Сакалоў і намесьнік галоўнага мэханіка ў мадэрнізацыі і рамонтах Сяргей Бароха, паведамляе тэлеграм-канал «Нафтан супраць экстрэмізму».
Прычыны затрыманьня дакладна не вядомыя, але, паводле інфармацыі каналу, гэта можа быць зьвязана з справай аб карупцыі пры будаваньні ўстаноўкі запаволенага каксаваньня. Будаваньне зацягнулася на 6 гадоў і суправаджалася мноствам няштатных сытуацыяў. Тады прадпрыемствам кіраваў Аляксандар Дзямідаў.
Напрыклад, пашкоджаньне сілкавальных кабэляў пры будаўніцтве ўстаноўкі магло схаваць іх неналежную якасьць.
У ліпені 2021 году з прычыны, зьвязанай з будаўніцтвам устаноўкі запаволенага каксаваньня, затрымлівалі кіраўніка дырэкцыі інвэстыцыйных праектаў, будаўніцтва і рамонту Юрыя Паршонка. Затым яго выпусьцілі зь СІЗА, дзе ён пачаў супрацу са сьледзтвам.
Таксама тэлеграм-канал «Нафтан супраць экстрэмізму» пісаў аб праблемах са збытам нафтавага коксу на прадпрыемстве. Яго прадалі за вельмі заніжаную цану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турнэ сілавікоў па працоўных калектывах. Што яны там гавораць? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Даносы на прадпрыемствах ёсьць, гэта чалавечы фактар». Як на дзяржаўных прадпрыемствах разьбіраюцца зь «нядобранадзейнымі»