85-гадовы дэмакрат Энтані Дэлюка, які займаў крэсла ў Палаце прадстаўнікоў Пэнсільваніі 39 гадоў, памёр ад лімфомы ў пачатку кастрычніка. Да моманту яго сьмерці было ўжо позна ўносіць зьмены ў бюлетэнь. У выніку выбараў ён набраў амаль 86% галасоў, яго суперніца Зара Лівінгстан ад Партыі зялёных — больш за 14%.
«Хоць мы неймаверна засмучаныя стратай дэпутата Тоні Дэлюкі, мы ганарымся, што выбарнікі надалей дэманструюць свой давер да яго і да яго прыхільнасьці дэмакратычным каштоўнасьцям, пераабраўшы яго пасьмяротна», гаворыцца ў твіце Палаты прадстаўнікоў Пэнсільваніі.
Яшчэ адна кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі — 93-гадовая Барбара Купэр — выйграла выбары ў Палату прадстаўнікоў Тэнэсі, набраўшы больш за 73%. Яна памерла ў канцы кастрычніка, прабыўшы рэгіянальным дэпутатам 26 гадоў.
На выбарах гарадзкога пракурора Чула-Вісты ў штаце Каліфорнія таксама перамог мёртвы кандыдат — Сайман Сілва, раптоўна памерлы ад раку ў верасьні. Падаткаплатнікам Чула-Вісты давядзецца заплаціць да двух мільёнаў даляраў за перавыбары, адзначаюць мясцовыя выданьні.
Акрамя таго, мэр Мэлвілу 84-гадовая Вэлма Гэндрыкс, якая плянавала пераабрацца, загінула ў аўтакатастрофе ў сам дзень выбараў.
На прамежкавых выбарах у ЗША, якія адбыліся 8 лістапада, абіралі Палату прадстаўнікоў — усе 435 месцаў, і частку Сэнату — 35 месцаў з 100. Таксама ў шэрагу штатаў абіралі губэрнатараў, дэпутатаў рэгіянальных Палатаў прадстаўнікоў і на іншыя мясцовыя пасады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На прамежкавых выбарах у ЗША працягваецца падлік галасоў. Паводле СМІ, на выбарах у Палату прадстаўнікоў наперадзе рэспубліканцы