Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ўхваліў продаж HIMARS Літве

HIMARS

У Вашынгтоне ўхвалілі продаж рэактыўных сыстэмаў залпавага агню HIMARS Літве. Сума ўгоды ацэньваецца ў $495 мільёнаў. Генэральны падраднік — карпарацыя Lockheed Martin.

У канцы верасьня стала вядома, што падчас агрэсіі РФ супраць Украіны Літва вырашыла павялічыць свой абаронны бюджэт прыкладна на 144,5 мільёна даляраў у 2022 годзе. сярод іншага, на гэтыя грошы плянаваўся закуп у ЗША сыстэмаў HIMARS.

З чэрвеня ЗША паставілі ўстаноўкі HIMARS Украіне. Ва ўкраінскай арміі падкрэсьліваюць, што яны сталі каштоўным інструмэнтам, дазволіўшы ўкраінскім вайскоўцам наносіць дзясяткі ўдараў па расейскіх вайсковых цэлях, у тым ліку сыстэмах СПА і складах боепрыпасаў. Ва ўзброеных сілах РФ заяўлялі, што ім удалося зьнішчыць некалькі ўстановак HIMARS ва Ўкраіне, аднак ані УСУ, ні амэрыканскі бок на пачатак лістапада не пацьвердзілі гэтага.

На думку вайсковых экспэртаў, пастаўкі Захадам дальнабойных і высокадакладных ракет дазволілі Ўкраіне атрымаць перавагу ў артылерыі ў Херсонскай вобласьці. 9 лістапада міністар абароны РФ Сяргей Шайгу аддаў загад адступаць з Херсону, матываваўшы яго неабходнасьцю «захаваць жыцьці вайскоўцаў і ў цэлым баяздольнасьць групоўкі войскаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны з Херсоншчыны: расейцы адступаюць, украінцы вызваляюць тэрыторыі