Скандал разгарэўся вакол сытуацыі з праектам «Чорная кніга Беларусі», які здабываў і публікаваў зьвесткі сілавікоў і чыноўнікаў, датычных да рэпрэсіяў. У каманду праекту ўкараніўся супрацоўнік ГУБАЗіКу Артур Гайко. Ён атрымаў доступ да чатаў, кантактаў інфарматараў, а таксама нейкі час кіраваў арганізацыяй. Адзін з супрацоўнікаў ЧКБ — Даніла Багдановіч — не вэрыфікаваў агента належным чынам і ігнараваў сыгналы калег аб падазронасьці новага чальца каманды.
Гайко таксама атрымаў доступ да працы агенцтва «Інфапойнт», стваральнікам якога быў Франак Вячорка.
Ліст Яніны Сазановіч
У адкрытым лісьце да Вячоркі Яніна Сазановіч запатрабавала аказаць фінансавую дапамогу сем’ям затрыманых інфарматараў ЧКБ, дапамагчы эвакуаваць тых інфарматараў, якіх пакуль не арыштавалі. Таксама адхіліць ад працы ў «Інфапойнце» людзей, якія ўваходзяць у офіс Святланы Ціханоўскай, каб выключыць канфлікт інтарэсаў, і звольніць Данілу Багдановіча.
«Галоўнае патрабаваньне — перастаць хлусіць, абяляць сябе і замоўчваць памылкі, якія прыводзяць да трагедыяў для людзей як унутры Беларусі, так і за яе межамі! Зрабіць працу над памылкамі і публічную справаздачу па яе выніках», — напісала Сазановіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці пранік агент ГУБАЗіКу ў офіс Ціханоўскай? Рэха шпіёнскай гісторыі ў «Чорнай кнізе Беларусі»Адказ Франака Вячоркі
Франак Вячорка напісаў у фэйсбуку адказ на адкрыты ліст. Ён заявіў, што ня мае дачыненьня да «Чорнай кнігі Беларусі» і да зьяўленьня супрацоўніка ГУБАЗіКу ў камандзе.
«Я разумею крык душы Яніны. Мяне абурае сытуацыя з ГУБАЗіКам ня менш за яе. Гэта замоўчваць нельга, трывожны званок усім, хто працуе ў дэмакратычным руху — дбаць найперш пра бясьпеку людзей: і тых, хто з вамі працуе, і тых, хто ў Беларусі. Я ўжо казаў раней, што ў „Інфапойнце“ не ўплываю на нешта і не прымаю рашэньні. На паседжаньнях рэдакцыяў быў адзін раз, дзе расказваў пра палітычныя пазыцыі Офісу. Тлумачыць сытуацыю павінны самі ўдзельнікі ЧКБ і „Інфапойнту“».
Адказ «Інфапойнту»
Каманда Infopoint Media Network пракамэнтавала інфармацыю пра Артура Гайко, піша «Наша ніва».
«Infopoint Media Network быў зарэгістраваны ў чэрвені 2021 году, празь месяц пасьля выкрыцьця агента. Але існаваў чат з аднайменнай назвай у тэлеграме, куды ўваходзілі ўдзельнікі шэрагу праектаў, некаторыя зь іх пазьней сталі часткай Infopoint Media Network. У чаце было некалькі дзясяткаў чалавек: актывісты, блогеры, рэдактары, журналісты, экспэрты. У чат быў уключаны і пэрсанаж, які, як было ўстаноўлена ўдзельнікамі праекту, аказаўся агентам спэцслужбаў. Сьцьвярджэньні аб тым, што ён нібыта кіраваў службай бясьпекі нашай арганізацыі, не адпавядаюць рэчаіснасьці. Ён займаўся рэдагаваньнем кантэнту для «Чорнай кнігі Беларусі».
Таксама ў арганізацыі адзначылі, што апыталі супрацоўнікаў праекту і ўстанавілі: агент мог бачыць асабістыя зьвесткі карыстальнікаў тэлеграму (нікнэйм і нумар тэлефону, калі ён ня быў схаваны), якія слалі інфармацыю ў бот.
«Актывісты прасілі людзей выкарыстоўваць ананімныя акаўнты і VPN, але ня ўсе карыстальнікі боту, на жаль, гэта рабілі. Гэтыя людзі маглі пацярпець. Дакладная іх колькасьць невядомая, паколькі мы разумеем, што звычайная практыка беларускіх спэцслужбаў палягае на выкарыстаньні выдуманых абвінавачаньняў, у тым ліку і абвінавачаньняў у перадачы інфармацыі ў ЧКБ. А ў якасьці доказнай базы выкарыстоўваюцца атрыманыя пад катаваньнямі і ціскам прызнаньні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурор, супрацоўнік банку, начальнік аддзелу Life. Каго маглі затрымліваць па справе «Чорнай кнігі Беларусі», дзе працаваў агент ГУБАЗіКуДаніла Багдановіч, з словаў каманды Infopoint Media Network, які прыняў на працу ў ЧКБ Гайко і падтрымліваў кантакт зь ім, адхілены ад працы з праектамі і камандамі з 19 кастрычніка 2022 году.
«Мы шкадуем аб тым, што адбылося, і прыносім прабачэньні ўсім, хто мог пацярпець. Калі ласка, не пытайце нас аб імёнах, датычных людзях і дэталях. Мы ня хочам ствараць новую патэнцыйную пагрозу ўсім, хто працуе з намі, і дапамагаць спэцслужбам і прапагандыстам. Мы разумеем, што сілы спэцслужбаў накіраваныя на тое, каб нацкоўваць людзей, якія працуюць на дасягненьне адной мэты.
Заклікаем усіх беларусаў — дзе б мы ні знаходзіліся — выконваць базавыя правілы бясьпекі: не выкарыстоўваць сапраўдныя імёны пры рэгістрацыі ў тэлеграм, чысьціць чаты, выкарыстоўваць двухфактарныя аўтэнтыфікацыі і думаць пра бясьпеку ў першую чаргу. Дзякуй беларускім незалежным мэдыя, якія ўзьнялі праблему, — мы правялі ўнутранае расьсьледаваньне і прынялі меры», — пракамэнтавала сытуацыю каманда Infopoint Media Network.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яніна Сазановіч са сьпісу «завочных судоў»: «Яны ня могуць забраць тое, што я нарадзілася беларускай»