На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае прафэсар паліталёгіі Ўнівэрсытэту штату Тэнэсі (ЗША) Андрэй Карабкоў.
— Учора ў ЗША адбыліся прамежкавыя выбары, пераабіралася, у прыватнасьці, уся Палата прадстаўнікоў і траціна сэнатараў. Канчатковыя вынікі пакуль невядомыя, 9 лістапада на 20 гадзіну па менскім часе было вядома, што рэспубліканцы і дэмакраты атрымалі па 48 месцаў са 100 у Сэнаце, суадносіны абраных дэпутатаў Палаты — 203 рэспубліканцы і 187 дэмакратаў.
Тым ня менш, калі рэспубліканцы перамогуць у адной ці ў абедзьвюх палатах Кангрэсу — ці можа гэта паўплываць на санкцыйную палітыку адносна Беларусі ў той ці іншы бок? Ці будзе ўзмацняцца лінія, што Аляксандра Лукашэнку трэба адрываць ад Расеі, а ня ціснуць на яго санкцыямі?
— Рэспубліканцы атрымаюць большасьць у Палаце прадстаўнікоў. Мы чакаем, што ў іх будзе 221 мандат, а ў дэмакратаў — 214. І гэта само па сабе пэўная сэнсацыя. Рэспубліканцы выйгралі, але са значна меншым адрывам, чым чакалася. У Сэнаце магчымыя варыянты. Хутчэй за ўсё, захаваецца той балянс, які быў да выбараў. Калі рэспубліканцы атрымаюць перавагу, то толькі ў 1 голас. Рэспубліканцы ў новым Кангрэсе атрымаюць магчымасьць сабатаваць многія ініцыятывы Белага дому, але ня змогуць радыкальна мяняць палітыку.
Зьнешняя палітыка — гэта прэрагатыва выканаўчай улады. Таму асноўныя яе контуры застануцца ранейшымі. Абедзьве партыі ўключаюць у сябе як актывісцкія фракцыі, якія лічаць, што трэба ўзмацняць падтрымку Ўкраіны ў цяперашнім канфлікце, гэтак і фракцыі, якія лічаць, што больш увагі трэба аддаваць унутраным праблемам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На прамежкавых выбарах у ЗША працягваецца падлік галасоў. Паводле СМІ, на выбарах у Палату прадстаўнікоў наперадзе рэспубліканцыУ дэмакратаў гэта так званыя прагрэсісты, леварадыкальнае крыло партыі, якія лічаць, што трэба накіроўваць сродкі на ўнутраныя патрэбы. А ў рэспубліканцаў значна большая фракцыя трампістаў, якія ня толькі больш факусуюцца на ўнутраных праблемах, але і вельмі ваяўніча ставяцца да Белага дому.
Галоўным вынікам учорашніх выбараў стала аслабленьне трампісцкай фракцыі, многія праварадыкальныя кандыдаты ня трапілі ў Кангрэс, што аслабіла пазыцыі асабіста Дональда Трампа. І для рэспубліканскай эліты гэта добра.
Калі рэспубліканцы атрымаюць перавагу ў Сэнаце, яны будуць блякаваць як ратыфікацыю міжнародных дамоваў, якія будзе падпісваць адміністрацыя, гэтак і прызначэньні ў выканаўчыя і судовыя органы, якія будзе прапаноўваць Джо Байдэн.
Будуць распачатыя шматлікія расьсьледаваньні, у тым ліку і наконт фінансавых сродкаў, якія выдзяляюцца іншым краінам.
Але большасьць у абедзьвюх палатах Кангрэсу будзе ў прыхільнікаў жорсткай лініі адносна Расеі і Лукашэнкі. Таму прынамсі ў сфэры санкцыяў нельга чакаць сур’ёзнага аслабленьня іх, хутчэй варта чакаць іх узмацненьня.
Наўрад ці лінія на адрыў Лукашэнкі ад Уладзіміра Пуціна будзе прэваляваць над жаданьнем пакараць Лукашэнку за тую палітыку, якую ён праводзіць апошнія месяцы адносна расейскіх дзеяньняў.
Так што зьменіцца балянс унутраных сілаў, але асноўныя кірункі зьнешняй палітыкі, у тым ліку і адносна постсавецкага рэгіёну, застануцца ранейшымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: WSJ даведалася пра сакрэтныя кантакты дарадцы Байдэна з Ушаковым і Патрушавым— У сьнежні 2020 году Кангрэс ЗША прыняў Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі, які прадугледжваў непрызнаньне Лукашэнкі прэзыдэнтам Беларусі. Гэтае рашэньне можа быць нейкім чынам скарэктаванае?
— Калі і будзе, то не з прычыны зьмены балянсу сілаў у Кангрэсе. Адміністрацыя можа ацаніць імавернасьць выкарыстаньня тэрыторыі Беларусі для адкрыцьця другога фронту супраць Украіны. Каб прадухіліць такое разьвіцьцё падзей, могуць адбывацца нейкія закулісныя перамовы, і Лукашэнку могуць прапанаваць нейкія саступкі. Але пытаньне ў тым, наколькі ён цяпер незалежны гулец і ці можа ён пайсьці цяпер на крокі, якія створаць небясьпеку для яго.
— А ў Вашынгтоне ў каго-небудзь ёсьць адказ на гэтае пытаньне?
— Мяркую, што не. Кола экспэртаў па Беларусі, якія могуць даваць парады адміністрацыі, вельмі вузкае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцпасланьніца ЗША па Беларусі: Мы дапаможам забясьпечыць незалежнасьць Беларусі на пакаленьні наперад— Цяпер любое пытаньне пра 2024 год — вельмі гіпатэтычнае. Тым ня менш — калі рэспубліканцы, і, у прыватнасьці, Дональд Трамп, перамогуць у 2024 годзе, то ці зьменяцца падыходы да Беларусі і Лукашэнкі?
Пры Трампу была прызначаная пасол Джулі Фішэр, Менск наведвалі высокія прадстаўнікі Вашынгтону Джон Болтан і Майк Пампэо, Беларусь купляла амэрыканскую нафту. Пампэо, дарэчы, у разгар пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе тэлефанаваў Лукашэнку, каб вызваліць амэрыканскага палітоляга Шклярава. Гэта ўсё вернецца, нягледзячы на рэпрэсіі ў Беларусі і на яе дачыненьне да расейскіх атак на Ўкраіну?
— Тут могуць адыграць ролю геастратэгічныя меркаваньні. Калі зьявіцца шанец прадухіліць выкарыстаньне Беларусі ў якасьці вайсковага пляцдарму Расеі — ён будзе рэалізаваны. Беларусі будуць прапанаваныя нейкія саступкі. Але, па-першае, невядома, ці ёсьць такія пляны. А па-другое, невядома, ці ёсьць у Лукашэнкі свабода рук у гэтым пытаньні. Таму ў мяне даволі скептычны погляд адносна такой формулы.
Вынік учорашніх выбараў вельмі цікавы. На іх прайграў Трамп, бо ён страціў крэдытаздольнасьць у рэспубліканцаў. А пераможцам зьяўляецца губэрнатар Флорыды, рэспубліканец Рон Дэ Санціс, які вельмі ўзмацніў свае пазыцыі. Ён вельмі папулярны, яму ўсяго 44 гады, ён адабраў у дэмакратаў вялікую долю гішпанамоўнага электарату.
А гэта велізарны козыр, бо ў Амэрыцы ўжо больш за 60 мільёнаў гішпанамоўных, і іх доля штогод расьце. У сярэдзіне стагодзьдзя яна складзе 25%.
Спаборніцтва Трампа і Дэ Санціса, хутчэй за ўсё, прывядзе да расколу ў рэспубліканскай партыі і таго, што шэраг кандыдатаў кінуць выклік Трампу. Гэта не гарантуе іх перамогі, але гарантуе аслабленьне пазыцыі Трампа.
Рэспубліканцы апынуцца ў пастцы. Калі Трамп прайграе праймэрыз у 2024 годзе, імаверна, што ён пойдзе на прэзыдэнцкія выбары як незалежны кандыдат. Сёлетнія прамежкавыя выбары прывялі да росту колькасьці невядомых пераменных. Так што прастора для манэўраў у адносінах зь Беларусьсю ёсьць. Але яна залежыць ад таго, ці ёсьць прастора для манэўраў у Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША галасуюць на прамежкавых выбарах у Кангрэс. Белы Дом заяўляе, што падтрымка Ўкраіны застанецца непахіснай незалежна ад вынікаў