«Учынкі гавораць мацней, чым словы. Украіна ня бачыць прыкмет таго, што Расея пакідае Херсон бяз бою. Значная частка расейскай групоўкі ўтрымліваецца ў горадзе, а ў рэгіён падцягваюцца дадатковыя рэзэрвы. Украіна вызваляе тэрыторыі паводле дадзеных выведкі, а не пастановачных тэлевізійных заяваў», — напісаў Падаляк у Твітэры.
«Гэта пастановачнае шоў, заява расейскага камандаваньня можа быць часткай інфармацыйна-псыхалягічнай апэрацыі, каб стварыць ілжывае ўражаньне аб сапраўдных намерах», — так пракамэнтавала інфармацыю пра вывад расейскіх войскаў з Херсону кіраўніца прэс-цэнтру Сіл абароны поўдня Ўкраіны Натальля Гумянюк.
Раней гарадзкія ўлады Херсону заявілі, што з асьцярогай ставяцца да заяваў расейскага вайсковага камандаваньня пра вывад акупацыйнага кантынгенту на левы бераг Дняпра. «Бяз бою Херсон не здадуць. Гэта пастка, каб увесьці нашых вайскоўцаў у зман», — заявіла кіраўніца Херсонскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі Галіна Лугавая.
Камандуючы расейскай групоўкай ва Ўкраіне генэрал Сяргей Суравікін 9 лістапада прапанаваў міністру абароны Расеі Сяргею Шайгу адвесьці войскі ў Херсонскай вобласьці на левы бераг Дняпра. Шайгу пагадзіўся з гэтай прапановай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія войскі пакідаюць Херсон